На беларускай мяжы цяжка паранілі польскага салдата
28.05.2024 / 10:50
Адзін з мігрантаў, які спрабаваў нелегальна перасекчы польска-беларускую мяжу, напаў на польскага вайскоўца. Яго даставілі ў бальніцу.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Straz_Graniczna / Twitter
Пра гэта паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочак у эфіры Першага канала Польскага радыё. Траўма была цяжкай, але жыццю вайскоўца не пагражае.
— Сёння раніцай я атрымаў вельмі кепскую вестку, што адзін з вайскоўцаў, які спрабаваў спыніць тых, хто перасякаў мяжу, атрымаў нажавое раненне. Узмацняецца міграцыйны ціск і ўзрастае агрэсіўнасць гэтых людзей. Яны спрабуюць фарсіраваць мяжу вялікімі групамі, якія фармуюцца дзякуючы падтрымцы беларускіх службаў — заявіў віцэ-міністр Мрочак.
Паводле звестак польскіх памежнікаў, за апошнія тры дні польска-беларускую мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы больш за 630 чалавек. У пятніцу было 160 спробаў, у суботу — больш за 280, у нядзелю — 190.
Усяго за апошнія трое сутак памежная служба і паліцыя за садзейнічанне ў арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы затрымалі 11 чалавек. Гэта шэсць грамадзян Украіны, двое Туркменістана і трое беларусаў, якія спрабавалі перавезці замежнікаў. Усяго з пачатку года было затрымана 176 памагатых арганізатараў незаконнага перасячэння мяжы.