Міністр Галаванаў пра БХД: Да людзей трэба ісці з чыстымі рукамі
Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў пракаментаваў рашэнне ведамства адносна нерэгістрацыі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
27.01.2010 / 13:56
Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў пракаментаваў рашэнне ведамства адносна нерэгістрацыі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
«Іх матэрыялы сапраўды паступалі. Але было ўстаноўлена, што цягам іх падрыхтоўкі былі дапушчаныя грубыя парушэнні, — сказаў міністр. — Многія грамадзяне не ведалі, што яны ўступаюць у палітычную партыю, іншыя не прысутнічалі на ўстаноўчых паседжаннях. З’езд таксама прайшоў з парушэннямі. У прынцыпе, заснавальнікі з намі пагадзіліся, бо ніякіх прэтэнзій выказана не было. Я ведаю, што яны цяпер збіраюцца абскарджваць гэтае рашэнне ў судовым парадку. Міністэрства юстыцыі гэтага не баіцца».
За час знаходжання Віктара Галаванава на пасадзе міністра юстыцыі (з кастрычніка 2001) ў краіне не было зарэгістравана ніводнай партыі.«Наша Ніва» задала пытанне, дык можа варта спрасціць парадак рэгістрацыі, калі ніхто шмат гадоў не можа пераадолець гэтыя бар’еры.
«Не сказаў бы, што ў нас супержорсткі парадак рэгістрацыі. Працэс стварэння грамадзянскай супольнасці ў нас адбываецца. На мой погляд, калі ідзе працэс стварэння партыі,
калі вы заяўляеце пра сябе на ўсю краіну, на ўсю Еўропу, то да людзей трэба ісці з чыстымі рукамі. А не шляхам маніпуляцый. Узгадайце выпадак у Быхаўскай бальніцы, калі людзі не ведалі, што яны ўступілі ў партыі (БХД — «НН»). Трэба ствараць арганізацыі, якім павераць людзі», — сказаў міністр В.Галаванаў.
На сённяшні дзень у Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый, 35 прафсаюзаў і 2225 грамадскіх аб’яднанняў.