Кіраўнік МЗС Польшчы назваў міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы нападам на Еўрасаюз

Па словах Радаслава Сікорскага, у многіх мігрантаў, якія спрабавалі перасекчы польска-беларускую мяжу, былі расійскія візы ў пашпартах.

28.05.2024 / 15:31

Фота: Omar Margues / Getty Images

Міграцыйны крызіс, які ўзнік на мяжы Польшчы — гэта «напад на Еўрасаюз», заявіў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі ў інтэрв'ю Gazeta Wyborcza.

Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра міграцыю бедных людзей, якія хочуць лепшага жыцця. «На нашай усходняй мяжы мы сутыкнуліся з арганізаваным нападам на Еўрапейскі Саюз. 90% людзей, якія спрабуюць перасекчы польска-беларускую мяжу, маюць у пашпартах расійскія візы», — адзначыў Сікорскі.

Кіраўнік МЗС дадаў, што людзей з розных краін Афрыкі і Блізкага Усходу спачатку дастаўлялі ў Маскву, а затым вывозілі ў Беларусь і адпраўлялі на мяжу з Еўрасаюзам.

У сакавіку міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што краіна «ўзмоцніць прысутнасць войска ва ўсходніх рэгіёнах». 

Міністр дадаў, што спробы незаконна перасекчы мяжу Польшчы з боку Беларусі пачасціліся. Пра чарговую хвалю незаконнай міграцыі з беларускай тэрыторыі паведаміў і Вайскова-выдавецкі інстытут (WIW) пры Мінабароны Польшчы.

Польскія памежнікі паказалі зброю мігрантаў на мяжы з Беларуссю

На беларускай мяжы цяжка паранілі польскага салдата

У Польшчы затрымалі яшчэ трох беларусаў, якія нібыта дапамагалі нелегальным мігрантам

Nashaniva.com