Пентагон распрацоўвае тэхналогію, якая дазволіць дронам лятаць няспынна
«Мы зможам зараджаць іх на вялікай адлегласці з зямлі, пакуль яны ваююць у паветры».
28.05.2024 / 17:51
Вядомы амерыканскі баявы беспілотнік MQ-9 Reaper. Фота: Wikimedia Commons
Упраўленне перспектыўных даследчых праектаў Міністэрства абароны ЗША (DARPA) з 2021 года актыўна інвестуе ў тэхналогію далёкай бесправадной падзарадкі для дронаў, якая дазволіць ім выконваць задачы без неабходнасці спускацца на зямлю за дадатковым зарадам.
Пра гэта паведамілі навукоўцы з Тэхаскага ўніверсітэта ў Даласе, якія і пачалі распрацоўваць гэтую тэхналогію яшчэ да кантактаў з Пентагонам.
Ведамства прафінансавала праект на 500 тысяч даляраў на два гады і выдаткавала яшчэ 250 тысяч на далейшае развіццё тэхналогіі пасля заканчэння асноўнага тэрміну.
«Гаворка ідзе пра прыцэльнае накіраванне магутных электрамагнітных хваляў праз паветра на вялікія адлегласці ў бок беспілотнікаў.
Падобныя тэхналогіі ўжо даўно выкарыстоўваюцца ў радыёвяшчанні, тэлебачанні, мабільнай і інтэрнэт-сувязі, GPS, аднак у нашым выпадку мы павінны яшчэ і мінімізаваць рассейванне энергіі на далёкіх адлегласцях, каб захаваць трапнасць», — расказалі даследчыкі.
Накіроўваць энергію для падзарадкі дронаў плануюць пры дапамозе фазаваных антэнных рашотак, якія пры належнай наладзе дазволяць паўнавартасна перадаваць зарад беспілотнікам з зямлі ў рэжыме рэальнага часу, не замінаючы ім выконваць баявыя задачы.
Асноўнымі кандыдатамі на выпрабаванне тэхналогіі стануць амерыканскія баявыя беспілотнікі MQ-9 Reaper, адзначылі навукоўцы.
Яны дадалі, што новая тэхналогія мае падвойнае прызначэнне і зможа таксама выкарыстоўвацца ў цывільным сектары. Напрыклад, для далёкай падзарадкі электрамабіляў проста на хаду, ці для такой жа падзарадкі медыцынскіх імплантаў у арганізме чалавека.
Сакрэтны амерыканскі беспілотны касмічны карабель можа правесці на арбіце да трох гадоў
Украінцы здзіўляюць новымі тэхнічнымі рашэннямі: паставілі «Грады» на марскія дроны ВІДЭА
Улады Літвы разам з іншымі краінамі, якія мяжуюць з Расіяй, плануюць узвесці «сцяну з беспілотнікаў»