Ціханоўская на BBC: Зараз не час для канкурэнцыі
Святлана Ціханоўская дала эксклюзіўнае інтэрв'ю BBC, дзе павышаную ўвагу надала праблеме палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама выклікам, з якімі сутыкаюцца людзі за кратамі.
28.05.2024 / 19:34
Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Ціханоўскай
«У нас тысячы палітычных зняволеных за кратамі, і гэта самая балючая частка нашай барацьбы, калі людзі пакутуюць за кратамі з-за дрэннага абыходжання. У нас ёсць спіс людзей з цяжкімі захворваннямі, людзі з асаблівымі патрэбамі, якія пазбаўленыя якой-небудзь медычнай дапамогі. Мы вымушаныя былі вывучыць тэрмін «рэжым інкамунікада». Ён азначае, што людзі, якія знаходзяцца за кратамі, утрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі, гэта тычыцца і майго мужа. Пра іх няма ніякай інфармацыі — адвакатаў не пускаюць, лістоў не дастаўляюць. Я не ведаю, што адказаць сваім дзецям пра тату. І такіх людзей шмат», — сказала ў інтэрв'ю Ціханоўская.
Пры гэтым, паводле яе слоў:
«Рэжым хоча пераканаць нашых герояў за кратамі, што свет пра іх забыўся, што пра іх ніхто не думае […] — вашая ахвяра была марнай. І я вельмі хачу, каб у свеце гучна загаварылі пра палітвязняў і гуманітарную сітуацыю ў Беларусі, каб людзі не адчувалі сябе забытымі ў нашай краіне».
Пры гэтым Ціханоўская падкрэсліла:
«Мы супраць дыктатуры, супраць вайны ва Украіне і ўдзелу нашай краіны ў гэтай вайне.
Мы хочам свабодную незалежную дэмакратычную Беларусь праз сумленныя выбары. Мы жадаем вызваліць нашых людзей з турмаў, вярнуцца дадому і пачаць развіваць нашу краіну як частку еўрапейскай сям'і.
Таму нескладана аб'яднаць людзей, якія маюць адну мэту. Усе разумеюць: зараз не час для канкурэнцыі — зараз час змагацца з агульным ворагам, дыктатарам і яго сістэмай».
Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, нацыянальная лідарка ацэньвае як «паўзучую акупацыю». У яе ўмовах расіяне
«ўмешваюцца ў нашую культуру, нашыя СМІ, эканоміку, адукацыю, каб крок за крокам падпарадкаваць нашу нацыю. І толькі моцная нацыянальная ідэнтычнасць, моцнае грамадства дапамогуць нам пазбегнуць гэтай русіфікацыі».
«Мы больш, чым суседзі». Ціханоўская павіншавала Наўседу з перамогай на выбарах
«Нават бабарыканцы, якія як бы архітэктары выбараў у КР, хочуць рухаць Ціханоўскую ў нейкі бок»
Ціханоўская аб'явіла пра правядзенне трэцяй канферэнцыі «Новая Беларусь»