Ціханоўская назвала ўдзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду «сапраўднымі героямі»

Святлана Ціханоўская выпусціла адмысловы зварот, прысвечаны вынікам выбараў у Каардынацыйную раду, якія завяршыліся ўчора апоўначы. 

28.05.2024 / 22:27

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Адзначыўшы складаныя ўмовы, у якіх адбываліся выбарчая кампанія і галасаванне, Ціханоўская адзначыла:

«Кожны з тых, хто ўдзельнічаў у выбарах — сапраўдныя героі. Я ганаруся вашай смеласцю і стойкасцю. Вы паказваеце ўсяму свету, што Беларусь — гэта не толькі рэжым, але і народ, які імкнецца да свабоды і дэмакратыі. Дзякуючы вам упершыню склад Каардынацыйнай рады быў сфармаваны праз адкрытыя выбары».

Асобна яна адзначыла самаахвярнасць кандыдатаў у Каардынацыйную раду:

«Я ганаруся кожным кандыдатам, хто знайшоў у сабе мужнасць вылучыцца і змагацца за нашую агульную справу. Нягледзячы на рэпрэсіі, абвяшчэнне экстрэмістамі і арышты ўласнасці, гэтыя людзі працягваюць барацьбу».

Дэмакратычная лідарка выказвае ўпэўненасць:

«Каардынацыйная рада павінна стаць пляцоўкай для ўзгаднення нашых агульных стратэгій, для дыскусій і кансультацый, для каардынацыі кампаній, для максімальна зладжанага фармавання бачання Новай Беларусі».

Адначасова з гэтым яна спадзяецца, што новы склад Каардынацыйнай рады працягне працу па ўмацаванні адзінства дэмакратычнага руху і што ягоная дзейнасць стане больш публічнай, а абмяркоўвацца ў радзе будуць пытанні, сапраўды актуальныя для беларусаў па розныя бакі дзяржаўнай мяжы.

Выбаркам Каардынацыйнай рады крыху падправіў вынікі выбараў

Гурневіч пра выбары ў Каардынацыйную раду: Беларусы паказалі чырвоную картку гульні ў бюракратыю

Названыя 80 асобаў, якія будуць засядаць у новай Каардынацыйнай радзе

Вынікі галасавання ў Каардынацыйную раду: перамог спіс Латушкі з 35%

6723. Столькі беларусаў прагаласавалі на выбарах у Каардынацыйную раду

Nashaniva.com