У Польшчы затрымалі двух беларусаў, падазраваных у здзяйсненні падпалаў

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ) затрымала ў Варшаве некалькі чалавек па падазрэнні ў здзяйсненні падпалаў на тэрыторыі краіны, піша «Позірк» на аснове матэрыялаў польскай прэсы.

28.05.2024 / 22:43

 

Фота: miejskireporter.pl

Як паведаміла 28 мая Gaszeta Wyborcza, у ліку затрыманых — уладальнік аўтамабіля Renault з беларускімі дзяржнумарамі.

Адзначаецца, што затрыманні праводзілі супрацоўнікі АУБ «у масках і з даўгаствольнай зброяй». Падчас вобшуку аўтамабіля выяўленыя «пустыя каністры, буйная сума наяўных грошай у рознай валюце, а таксама кабелі, лом і прадметы, якія нагадваюць батарэйкі».

«Відавочцы сведчаць, што ў затрыманага праваахоўнікамі мужчыны выявілі некалькі мабільных тэлефонаў», — гаворыцца ў публікацыі выдання.

Паведамляецца, што гаворка ідзе пра арышт падазраваных у здзяйсненні падпалаў, аднак, «следчыя пракуратуры і АУБ не хочуць раскрываць ніякіх падрабязнасцяў». Таксама невядомая колькасць затрыманых.

Паводле інфармацыі партала miejskireporter.pl, у горадзе Прушкаў Мазавецкага ваяводства па «справе аб падпалах» затрымана двое грамадзян Беларусі. Падрабязнасці не паведамляюцца.

21 мая прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расіяй спробах дыверсій ёсць грамадзяне Беларусі. Гаворка ішла, у прыватнасці, пра спыненую спробу падпалу завода па вытворчасці фарбаў ва Уроцлаве.

«На гэты момант у нас ёсць дзевяць падазраваных, арыштаваных і абвінавачаных ва ўдзеле ў дыверсіях у Польшчы на запыт расійскіх службаў. Гэта тычыцца нападу, падпалу і спробы падпалу», — сказаў ён.

Па словах польскага прэм'ера, гаворка ідзе пра людзей з «крымінальнага свету»:

«Гэта тычыцца грамадзян Украіны, Беларусі і Польшчы. Гэтае пытанне не носіць нацыянальнага характару».

Падобныя дзеянні планаваліся таксама ў Літве, Латвіі і Швецыі, сцвярджае кіраўнік польскага ўрада.

«Справа вельмі сур'ёзная». У Польшчы працягваецца справа падазраваных у дыверсіях і сабатажы

У Польшчы стварылі яшчэ адну камісію па расійскім і беларускім уплывах

Узмацніць мяжу і забыць? Што азначае для Беларусі жаданне Польшчы выдаткаваць $2,5 мільярда на ўзмацненне мяжы

У Польшчы створаць камісію па расследаванні ўплыву Расіі і Беларусі

Nashaniva.com