Журналіст RT паказаў, як расійскія войскі выкарыстоўваюць хімічную зброю ва Украіне

Крэмль увесь час адмаўляе ўжыванне хімзброі ва Украіне.

29.05.2024 / 10:38

Журналіст дзяржаўнага расійскага інфармагенцтва RT Андрэй Філатаў паказаў, як расійскія войскі «выкурвалі» ўкраінскага кулямётчыка з пазіцыі ў раёне Аўдзееўкі. Філатаў прызнаўся ў выкарыстанні ВС РФ хімічнай зброі — газавых гранат, звярнула ўвагу ASTRA. Відэа апублікаваў афіцыйны тэлеграм-канал RT. 

«Тут відаць процівагаз, які вісеў у кулямётчыка. Цынкі з-пад патронаў. Тут вось газавая граната, якую скінулі мы», — кажа Філатаў у сваім рэпартажы. 

Філатаў паказаў, як мяркуецца, расійскую газавую гранату РГ-РА (ручная граната — рэчыва атрутнае). Па дадзеных УСУ, у РГ-РА змяшчаецца атрутны газ хлорацэтафенон. Гэты газ знаходзіцца ў 1 спісе Канвенцыі аб хімічнай зброі. Сімптомы атручвання хлорацетафеноном — гэта ваніты і слёзавыдзяленне, а таксама раздражненне скуры. 

Са слоў Філатава, украінская пазіцыя была ўзятая расійскімі войскамі 1 снежня 2023 года. У пасце RT адзначаецца, што «раней публікаваць гэтыя кадры было нельга з меркаванняў бяспекі». Упершыню аб выкарыстанні гранат РГ-РА расійскай арміяй УСУ паведамілі ў тым жа месяцы. 

Пра ўжыванне гранаты РГ-РА расійскім бокам таксама распавядаў блогер Уладзімір Раманаў. 

«Знаёмцеся, гэта РГ-РА. Вельмі эфектыўная газавая граната. Шляхам скіду з коптара яна дапамагае хутка выкурваць праціўніка з хованкі», — напісаў ён у тэлеграм-канале ў канцы 2023 года. 

У пачатку траўня дзяржаўны дэпартамент ЗША абвінаваціў Расію ў выкарыстанні газу хлорпікрын супраць украінскіх войскаў у парушэнне Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі. 

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў тады адказаў, што «як заўсёды, такія абвінавачванні гучаць абсалютна галаслоўна і нічым не падмацаваныя».

Украіна і ЗША заяўляюць, што Расія прымяняе ў баях забаронены таксічны газ

Краіны НАТА папрасілі Зяленскага не патрабаваць сяброўства Украіны ў альянсе

Расія гатовая працягваць Стамбульскі перамоўны працэс — Пуцін

Nashaniva.com