Пасля нападу мігранта на польскага вайскоўца Туск анансаваў аднаўленне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю

Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск пабываў ля мяжы з Беларуссю ў Дубічах Царкоўных (Падляскае ваяводства).

29.05.2024 / 12:32

Дональд Туск. Фота: Henry Nicholls, Pool Photo via AP

Раніцай 28 траўня на польскага вайскоўца з нажом напаў мігрант, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Вайскоўца шпіталізавалі. Праз час прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў сувязі са здарэннем на ахову мяжы з Беларуссю накіравалі дадатковыя сілы, піша Радыё Свабода.

29 траўня стала вядома, што стан пацярпелага ад нападу польскага жаўнера цяжкі. Ён змагаецца за сваё здароўе і жыццё, паведаміў намеснік кіраўніка Мінабароны Польшчы Цэзары Томчык.

прэмʼер-міністр Туск у сваю чаргу выказаў вялікае спачуванне сямʼі параненага вайскоўца і заявіў, што польскі ўрад зробіць усё, што ад яго залежыць, каб блізкія пацярпелага атрымалі эфектыўную дапамогу. Ён падкрэсліў, што, на жаль, такія напады на вайскоўцаў не навіна.

«Сёння мы прынялі рашэнне разам з вайсковым камандаваннем, памежнай аховай і паліцыяй аб актывацыі усіх мераў ў плане матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абсталявання, каб зрабіць вашу службу бяспечнай з пункту гледжання дзяржавы, бяспечнай настолькі, наколькі гэта магчыма таксама і з вашага пункту гледжання», — адзначыў Туск, звяртаючыся да жаўнераў.

Ён паведаміў, што памежнікі рэкамендавалі прадстаўнікам ураду як мага хутчэй аднавіць 200-мэтровую буферную зону ад мяжы з Беларуссю

«І разам з міністрамі нацыянальнай абароны і ўнутраных спраў, усім урадам мы прымем такое рашэнне на пачатку наступнага тыдня», — сказаў кіраўнік ураду.

Nashaniva.com