Ухіліста з Верхнядзвінска злавілі ў Маскве, вярнулі ў Беларусь, дзе далі вялікі штраф
Суддзя Верхнядзвінскага раёна Таццяна Кукліна 8 мая за ўхіленне ад прызыву на воінскую службу (ч. 1 арт. 435 КК) аштрафавала на 6000 рублёў Дзмітрыя Сухадольскага. Хлопец пастаянна жыве і працуе ў Маскве.
29.05.2024 / 15:23
Ілюстрацыйнае фота БелТА
Дзмітрый віну прызнаў. Ён паведаміў, што ў 2023 годзе пасля заканчэння ВНУ думаў, што неабходна будзе праходзіць тэрміновую службу, чакаў выкліку ў ваенкамат. Пазней у сельвыканкаме ад інспектара ім была атрымана позва аб неабходнасці яўкі ў ваенкамат, пры гэтым інспектар папярэдзіла яго аб наступствах няяўкі, піша «Віцебская вясна».
У пачатку 2024 года малады чалавек прыехаў у Беларусь, каб памяняць пашпарт, але ў ваенкамат не з'явіўся і вярнуўся ў Расію.
Там на запыт беларускіх уладаў яго затрымалі і даставілі ў Беларусь, дзе і асудзілі.