У аэрапорце Вільні здзейсніў пасадку спартыўны самалёт з Беларусі. Што адбылося?

Самалёт здзейсніў пасадку ўчора. Па словах прадстаўніка Літоўскіх аэрапортаў, перад тым, як яму далі дазвол на пасадку, былі праведзеныя працэдуры праверкі, піша Delfi.lt.

29.05.2024 / 15:16

На сайце Flightradar паказалі, што 28 мая ў 8.30 у Вільні пасадку здзейсніў невялікі спартыўны самалёт (рэгістрацыйны нумар EW—535sl).

Паведамляецца, што па даступных для ўсіх даных, відаць, што самалёт належыць прыватнаму аэрадрому, які знаходзіцца каля Мінска.

Прадстаўнік літоўскіх аэрапортаў Тадас Васіляўскас пацвердзіў, што самалёт прыляцеў з Мінска, праводзілася строгая працэдура ўзгаднення палёту і праверкі. Самалётам кіравала прыватная асоба.

«Пасля працэдуры праверкі самалёту дазволілі здзейсніць пасадку ў Віленскім аэрапорце», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, такія працэдуры распаўсюджваюцца на ўсе нерэгулярныя рэйсы.

Nashaniva.com