Беларускага трэнера Віктара Ганчарэнку выкінулі з «Урала» з-за кепскіх вынікаў
Каманда фінішавала ў чэмпіянаце Расіі на 14-м месцы, а ўчора дома прайграла першы стыкавы матч за права застацца ў элітным дывізіёне.
30.05.2024 / 10:46
Championat.com
Футбольны клуб «Урал « на сваім афіцыйным сайце абвясціў пра звальненне галоўнага трэнера Віктара Ганчарэнкі. Рыхтаваць каманду да вырашальнага стыкавага матчу з «Акронам» будзе Яўген Авяр'янаў, піша Championat.com.
«Дзякуем Віктару Міхайлавічу за праведзеную працу і жадаем поспеху ў далейшым», — напісала прэс-служба екацярынбургскага клуба.
Прэзідэнт «Урала» Рыгор Іваноў назваў прычыну звальнення. Са слоў функцыянера, беларусу не ўдалося выканаць задачу на першы стыкавы матч за права застацца ў расійскай прэм'ер-лізе, таму камандзе патрэбныя перамены.
«Мы дзякуем Віктару Міхайлавічу за амаль два гады, праведзеных у Екацярынбургу. Але са шкадаваннем канстатуем: выканаць задачу на першы стыкавы матч не ўдалося. Камандзе патрэбныя перамены», — сказаў Іваноў.
Напярэдадні «Урал» прайграў «Акрону» ў першым стыкавым матчы за права выступаць у расійскай прэм'ер-лізе ў наступным сезоне. Гульня праходзіла ў Екацярынбургу і завяршылася з лікам 0:2. За «Урал» гуляе пяцёра беларусаў. Пераходная гульня ў адказ паміж камандамі адбудзецца ў суботу, 1 чэрвеня, і пройдзе на стадыёне «Крышталь» у Жыгулёўску.
Ганчарэнка трэніраваў БАТЭ з 2006 па 2013 год, заваяваў шэсць разоў залатыя медалі чэмпіянату Беларусі, упершыню ў гісторыі вывеў клуб у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў (лета 2008), і потым БАТЭ пры ім кожны год гуляў у групавых турнірах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.
У Расіі працаваў у «Кубані», «Краснадары», «Уфе», ЦСКА, двойчы ва «Урале».
Футбольны Еўра-2024 па БТ паказваць не будуць
Гары Кейн стаў уладальнікам «Залатой буцы» як найлепшы бамбардзір еўрапейскіх ліг
Фурор украінцаў у Іспаніі — у адным матчы Доўбік забіў тры галы, Цыганкоў — два. ВІДЭА
Грэцкі «Алімпіякас» выйграў Лігу канферэнцый у дадатковы час