БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Стала вядома, за што судзілі шумілінскага ксяндза Лемеха

30.05.2024 / 22:12

Nashaniva.com

Пра затрыманне ксяндзоў-аблатаў з Шуміліна Паўла Лемеха і Анджэя Юхневіча стала вядома 9 мая 2024 года. Павел Лемех праз 14 сутак выйшаў на волю, а цяпер «Хрысціянская візія» даведалася, у чым яго абвінавачвалі.

Павел Лемех

10 мая над ксяндзом Паўлам Лемехам адбыўся суд па арт. 23.34 КаАП («несанкцыянаванае пікетаванне»).

На думку сілавікоў, якія складалі пратакол, яно выявілася ў тым, што святар размясціў у сваім фэйсбуку-профілі «без адпаведнага дазволу Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта» выяву пратэстаў у Мінску са сцягамі бел-чырвона-белага колеру, а таксама сцяга Украіны блакітна-жоўтага колеру. За гэта святар і быў затрыманы, як сцвярджаецца ў пратаколе, 9 мая ў 22.15.

Лемех патлумачыў, што размяшчэннем фатаграфіі на бел-чырвона-белым фоне не выказваў грамадска-палітычныя інтарэсы, а сцяг Украіны размясціў, каб выказаць смутак з нагоды гібелі мірных людзей.

Тым не менш, суддзя Першамайскага раёна горада Віцебска Алена Жук палічыла, што «правапарушэнне», здзейсненае ксяндзом, адносіцца да катэгорыі грубых і накіравана на «дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве і дзяржаве».

Улічыўшы, што айцец Павел Лемех ужо падвяргаўся адміністрацыйным спагнанням, суддзя прысудзіла яго да арышту тэрмінам на 10 сутак.

Як вядома, пасля адбыцця 10 сутак святар зноў быў затрыманы і правёў за кратамі яшчэ чатыры дні.

Пра вызваленне іншага шумілінскага ксяндза Анджэя Юхневіча, затрыманага адначасова з Паўлам Лемехам, інфармацыі ў публічнай прасторы пакуль не было. Па стане на 28 мая ён працягваў знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Чытайце таксама:

Святара з Шуміліна Паўла Лемеха выпусцілі на волю

Каталіцкага святара з Шуміліна не выпусцілі пасля 10 сутак, судзілі паўторна

Сталі вядомы прысуды святарам з Шуміліна

Святароў з Шуміліна судзілі дыстанцыйна, а затрымалі не толькі іх

Каталіцкіх святароў у Шуміліне затрымалі нібыта за «дыверсійную дзейнасць на шкоду беларускай дзяржаве»

У Шуміліне затрымалі двух каталіцкіх клірыкаў

Каментары да артыкула