У медыкаў збіраюць інфармацыю пра паездкі ў іншыя краіны і сваякоў за мяжой

Па інфармацыі «Нашай Нівы», медперсанал збіралі ў актавай зале, дзе раздавалі анкеты, на якіх трэба было паведаміць пра сувязі з замежжам.

01.06.2024 / 07:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Такі збор інфармацыі праходзіў у некалькіх установах. Супрацоўнікаў збіралі ў актавай зале, дзе раздавалі паперкі, на якіх трэба было паведаміць пра сувязі з замежжам.

Запоўніць анкеты трэба было адразу на месцы. Ад супрацоўнікаў патрабавалі напісаць, ці не было ў іх досведу працы або вучобы ў іншых краінах. І не толькі ў іх.

«Асаблівую ўвагу надавалі сваякам. Калі нехта з блізкіх працуе ў іншай краіне, то трэба было абавязкова напісаць, чым яны там займаюцца, як даўно з'ехалі, як часта прыязджаюць у Беларусь, у якіх вы з імі зносінах», — кажа чалавек, знаёмы з сітуацыяй.

Таксама трэба было паведаміць пра дзяцей, якія вучацца ў замежных ВНУ або толькі паступаюць туды.

«Падчас запаўнення некаторыя прысутныя задавалі дадатковыя пытанні, некаторыя з відавочным сцёбам. На адно з такіх дадатковых пытанняў нават адказалі, што гэта нібыта не абавязковая працэдура.

Маўляў, калі не хочаце, то можаце ніякіх звестак не падаваць. Зборам інфармацыі, наколькі мы зразумелі, займаецца аддзел кадраў. Ніякага ціску падчас пасяджэння не было», — згадвае суразмоўца. 

Аднак медык выказвае засцярогу, што з часам ігнараванне падачы звестак пра сябе і сваякоў можа дрэнна адгукнуцца, калі, напрыклад, прыйдзе час працягваць кантракт.

«Наўрад ці ў адміністрацыі ёсць жаданне звольніць некага праз наяўнасць «няправільных» сваякоў, але калі зверху такі загад прыйдзе, то нельга выключаць, што папросяць звольніцца па пагадненні бакоў або проста не працягнуць кантракт.

Кожны баіцца згубіць сваю пасаду, людзі зашуганыя, некаторыя ў адміністрацыі яшчэ раней асцерагаліся, што ў іх могуць быць праблемы праз тое, што, напрыклад, дзеці з'ехалі за мяжу».

Летась «Наша Ніва» ўжо пісала пра выпадак, калі супрацоўніка дзяржаўнай установы выклікалі на размову толькі праз тое, што яго непаўнагадовае дзіця зрабіла апастыль на дакументы. Адбылося гэта пасля таго, як ва ўстанову спусцілі спісы, у якіх было пазначана, хто з супрацоўнікаў і іх блізкіх сваякоў звяртаўся па гэтую працэдуру.

Таксама нядаўна «Нашай Ніве» стала вядома, што бюджэтнікам з розных сфер раілі не ездзіць у адпачынак у «несяброўскія» краіны.

Колькі сапраўды зарабляюць беларускія дактары? Спыталі ў іх

«Аж да звальнення»: работнікам дзяржструктур рэкамендуюць не ездзіць у «несяброўскія» краіны

Улады адсочваюць тых, хто робіць апастыль на дакументы?

Nashaniva.com