Прапаганда выклала перапіску гісторыка Бацюкова, дзе ён «прызнаецца» ў працы на КДБ. Распыталі яго, што адбылося

Аляксея Бацюкова ў Беларусі двойчы затрымліваў і спрабаваў вербаваць КДБ. У выніку ў яго атрымалася з'ехаць з Беларусі. А сёння ў адным з пралукашэнкаўскіх ананімных тэлеграм-каналаў апублікавалі перапіску, якую прыпісваюць Бацюкову — там ён кажа, што «зліваў» дыяспару ў Грузіі і працягне рабіць гэта ў Польшчы. Бацюкоў запэўнівае, што гэта фэйк, і тлумачыць, у чым прапаганда пракалолася.

31.05.2024 / 13:50

Аляксей Бацюкоў і «перапіска». Фота злева — «Радыё Свабода».

Сутнасць перапіскі зводзіцца да таго, што Аляксей перапісваецца з нейкай жанчынай, якой прызнаецца, што пагадзіўся супрацоўнічаць са спецслужбамі наўзамен на закрыццё крымінальнай справы і «вяртанне ў Беларусь».

Мы распыталі Аляксея, што адбылося і што гэта ўвогуле за перапіска:

«Па-першае, звярну ўвагу на тое, што доступ да акаўнта, з якога быццам вядзецца перапіска, ёсць толькі на камп'ютары і смартфоне, якія ў мяне канфіскавалі («Harigoro Ishikela»). Я не маю доступу да яго з моманту затрымання.

Па-другое, прапагандысты пішуць, што перапіска вядзецца з «палюбоўніцай Галюняй». Але Галіна — гэта мая жонка, а не палюбоўніца. Да таго ж, «Галюняй» я яе ніколі не называю.

Па-трэцяе, там непісьменная беларуская мова. Напрыклад, у адной з частак ёсць фраза «негатыўна паспрыяла на здароўе», што па-беларуску зусім не гучыць.

Не ведаю, чаму яны вырашылі закінуць гэта менавіта зараз. Бо ніякай актыўнасці вакол маёй справы няма, нічога новага не адбылося. На каго разлічаны ўкід, я таксама не разумею».

Аляксей Бацюкоў з Магілёва расказаў пра арышты КДБ, суткі ў ізалятары і спробы вербавання

У Магілёве затрымалі былога дырэктара музея

Прапагандысты знялі фільм пра затрыманні ў Магілёве. Прыйшлі і да вядомых асоб

Nashaniva.com