Ціханоўская — школьнікам: Ваш досвед і сувязі, энергія і крэатыў — дапамогуць вярнуць і адрадзіць нашу Беларусь
Святлана Ціханоўская наведала віленскую гімназію імя Францішка Скарыны, дзе ўзяла ўдзел ва ўрачыстасцях з прычыны заканчэння навучальнага года.
31.05.2024 / 15:11
Фота: ОСЦ
«Куды б вас ні закінуў лёс, як бы ні склалася жыццё — памятайце пра сваю краіну». Ціханоўская — навучэнцам беларускай гімназіі ў Вільне.
Установа з’яўляецца адзінай у краіне, дзе навучанне для беларусаў і беларусак ідзе на роднай мове. Сотні дзяцей, якія вымушана пераехалі ў Літву пасля 2020 года, менавіта тут атрымалі магчымасць працягваць адукацыю. Акрамя таго, гімназія дапамагае 408 хлопчыкам ды дзяўчынкам вывучаць літоўскую мову і прасцей інтэгравацца ў грамадства.
Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай перад 29-м выпускам гімназістаў, іх бацькамі, настаўнікамі і прадстаўнікамі літоўскай дзяржавы, паведамляе яе прэс-служба.
Вось пра што казала беларуская лідарка:
«Куды б вас ні закінуў лёс, як бы ні склалася жыццё — памятайце пра сваю краіну, не губляйце сувязі з Беларуссю, захоўвайце нашу мову і беражыце нашу культуру».
«Сёння Беларусь зноў паняволеная. Але так не будзе заўжды. Гісторыя нашага народу — таму сведчанне. Нават у самых складаных умовах, пасля няўдалых спробаў, мы не апускалі рук, а шукалі новыя спробы дамагчыся нашых мэтаў».
«Я веру, шаноўныя выпускнікі, што вашыя веды, ваш досвед і сувязі, энергія і крэатыў — дапамогуць вярнуць і адрадзіць нашу Беларусь».
«Не бойцеся выпрабаванняў. Стаўце сабе высокую планку. Будзьце смелыя. Спрабуйце новае і шануйце сваё!»