У Ляхавіцкім раёне паставілі супрацьградную ўстаноўку, вяскоўцы напужаліся

У Ляхавіцкім раёне даўно не было дажджу, і мясцовыя жыхары пачалі падазраваць, што вінаватая ў гэтым не «нябесная канцылярыя», а людскія тэхнічныя вынаходкі, піша «Ляхавіцкі веснік».

31.05.2024 / 16:32

Фота ілюстрацыйнае

Жыхары вёскі Альхоўцы патэлефанавалі ў рэдакцыю раённай газеты і паскардзіліся на мясцовыю фермерскую гаспадарку — ТАА «Яблыневы Пасад». Маўляў, яны паставілі супрацьградавую ўстаноўку, «іх гармата пастаянна страляе, адганяе дажджы, якія так патрэбныя агародам!».

Фермеры, аднак, сваю віну катэгарычна аспрэчваюць. Сапраўды, супрацьградавую ўстаноўку «Зеніт» яны набылі пасля таго, як два гады запар град пабіў іхнія яблыневыя сады. Але на колькасць ападкаў, якія выпадаюць, устаноўка не ўплывае: яна не разганяе дажджавыя хмары, яна пераўтварае град у звычайны дождж. Да таго ж дыяпазон дзеяння ўстаноўкі абмежаваны — максімум 500 метраў улева і ўправа.

Прытым гэтая ўстаноўка не працуе пастаянна:

«Сочым за станам надвор’я на чатырох рэсурсах. І калі бачым магчымыя навальніцу ці град, то за 20—30 мінут да іх пачатку ўключаем устаноўку. Работа «Зеніту» заснавана на ўздзеянні паветраных «удараў» на атмасферу. Прынцып работы ўстаноўкі наступны: перамешваюцца ніжнія цёплыя слаі паветра з верхнімі халоднымі, адбываецца «стрэл», і град ператвараецца ў дождж», — тлумачыць намеснік дырэктара ТАА «Яблыневы Пасад» Генадзь Кернога.

У звычайных жа дажджах, паводле ягоных слоў, садаводы зацікаўленыя ніяк не менш за іншых вяскоўцаў, бо яблыні для выспявання пладоў патрабуюць шмат вільгаці.

На абарону ўладальнікаў «Яблыневага Пасаду» і яшчэ адной фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс», якая таксама набыла супрацьградавую ўстаноўку, стаў і намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Пацвярджаючы ўжо сказанае Генадзем Керногам, ён дадае, што выкарыстанне такой устаноўкі

«дае магчымасць абараніць ад гэтай прыроднай з’явы не толькі тэрыторыі «Яблыневага Пасада» і фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс», але і бліжэйшых земляў. Таму замест таго, каб наракаць, што яны сваімі прыстасаваннямі не даюць пайсці доўгачаканаму дажджу, варта сказаць дзякуй за тое, што супрацьградавая ўстаноўка абараняе агароды, кветнікі, прысядзібныя ўчасткі, пабудовы гараджан і вяскоўцаў».

Да +28°С і навальніцы. Прагноз надвор'я на апошнія дні вясны

У найбліжэйшыя дні Беларусь накрые пустынны пыл з Цэнтральнай Азіі

Белгідрамет: Наш прагноз спраўджваецца больш чым на 96%

Nashaniva.com