Сёння — фінал Лігі чэмпіёнаў. Ці будзе зламаная традыцыя апошніх чатырох фіналаў?
Матч паміж дортмундскай «Барусіяй» і мадрыдскім «Рэалам» пройдзе ў Лондане на культавым «Уэмблі» і пачнецца а 22-й па мінскім часе.
01.06.2024 / 12:58
Фота: Uefa.com
У сезоне 2017/2018 фінал паміж «Рэалам» і «Ліверпулем» скончыўся вясёлымі 3:1, але перадусім запомніўся мегафэйламі варатара «Ліверпуля» Ларыса Карыуса, за што той нават выбачыўся перад аднаклубнікамі і заўзятарамі.
У наступным годзе «Ліверпуль» перамог у фінале «Тотэнхем» з лікам 2:0, але гэта быў вельмі сумны матч, дзе мерсісайдцы забілі першы гол на 2-й хвіліне і адразу засушылі гульню.
А потым чатыры гады запар фіналы завяршаліся лікам 1:0.
Спачатку фінал у 2020-м годзе, калі плэй-оф з-за кавіду дагульваўся ў жніўні, але ў Беларусі прайшоў амаль незаўважным на фоне масавых пратэстаў супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў. Тады «Баварыя» перамагла «ПСЖ» 1:0.
У сезоне 2020-2021 «Чэлсі» перамог «МанСіці» 1:0, у сезоне 2021-2022 «Рэал» выйграў з такім жа лікам у «Ліверпуля», а год таму «МанСіці» з лікам 1:0 перамог «Інтэр».
Як будзе сёння?
Цікавы факт. Для «Рэала» гэта будзе 18-ы фінал з 1956 года і шосты ў XXІ стагоддзі. У XXІ стагоддзі каралеўскі клуб, калі дабіраўся да фіналу, то не прайграваў, а ўсяго ў мадрыдцаў 14 тытулаў пераможцы Лігі чэмпіёнаў.
Для «Барусіі» гэта будзе трэці фінал Лігі чэмпіёнаў, у 1997 годзе клуб заваяваў галоўны трафей у супрацьстаянні з «Ювентусам».
***
Дарэчы, гэта апошні сезон Лігі чэмпіёнаў у такім фармаце (з групавым турнірам восем па чатыры каманды).
Наступны сезон будзе праведзены па новай сістэме з агульнай табліцай, калі каманды гуляюць з камандамі, што паказваюць падобныя вынікі.
Крышціяну Раналду застанецца ў Саўдаўскай Аравіі яшчэ на адзін сезон
Беларускага трэнера Віктара Ганчарэнку выкінулі з «Урала» з-за кепскіх вынікаў
Футбольны Еўра-2024 па БТ паказваць не будуць
Фурор украінцаў у Іспаніі — у адным матчы Доўбік забіў тры галы, Цыганкоў — два. ВІДЭА