«Беларускае таварыства палітолагаў» будзе нацыяналізаваць паліталогію

1 чэрвеня ў Гродне прайшоў устаноўчы сход Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства палітолагаў». Стварэнне новай прапагандысцкай структуры адбылося ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі з нагоды 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі, піша Reform.news.

01.06.2024 / 13:13

Зварот Лукашэнкі да ўдзельнікаў канферэнцыі. Фота: ГрДУ

Як адзначыў загадчык кафедры паліталогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Ватыль, «прыйшоў час пакінуць у мінулым перайманне заходнееўрапейскаму досведу. Неабходна нацыяналізаваць не толькі паліталогію, але і дзяржаўны досвед», перадае прэс-служба ГрДУ.

Старт стварэнню РГА быў дадзены восенню 2023 года на пасяджэнні адміністрацыі Лукашэнкі.

У грамадства палітолагаў змогуць уступіць не толькі акадэмічныя палітолагі, але і ўсе грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі ўзросту паўналецця.

Канферэнцыя была арганізавана пад эгідай адміністрацыі Лукашэнкі і праходзіла на базе ГрДУ з 31 мая па 1 чэрвеня. У ёй прымаюць удзел больш за 230 навукоўцаў, даследчыкаў, экспертаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады і кіравання з дзесяці краін: Беларусі, Расіі, Кітая, Казахстана, Венесуэлы, Японіі і іншых.

Nashaniva.com