Б'юць рэкорды цэны на апельсінавы сок, яго будуць мяшаць з мандарынавым

Трэці год запар кошт сыравіны для вырабу апельсінавага соку на сусветных рынках расце, што змушае вытворцаў задумацца пра выкарыстанне ў якасці дадатковага інгрэдыента гэтага напою мандарынаў, піша Myfin.by.

01.06.2024 / 20:55

Як паведамляе Financial Times, цэны на апельсінавы сок выраслі да рэкордна высокага ўзроўню з-за кепскага надвор'я і хвароб у Бразіліі, якая з'яўляецца найбуйнейшым у свеце экспарцёрам сыравіны для яго вырабу.

Сёлета вытворчасць апельсінаў у краіне скарацілася на чвэрць. Бразільскія апельсінавыя гаі пацярпелі ад спякоты і засухі. Акрамя таго, расліны пацярпелі ад хваробаў, што дадаткова знізіла ўраджайнасць і якасць пладоў.

У выніку ў маі рост цэнаў на апельсінавы сок рэзка паскорыўся, паколькі перспектыва дрэннага ўраджаю ў Бразіліі выклікала паніку на рынку. Кошт ф'ючарсаў на напой, што таргуюцца на біржы ICE ў Нью-Ёрку, 29 мая дасягнула $4,92 за фунт, што амаль удвая перавышае ўзровень гадавой даўніны.

Адзначаецца, што цэны на апельсінавы сок пачалі прыкметна расці з канца 2022 года, калі ўраган, а пасля рэзкае пахаладанне знішчылі ўраджай апельсінаў у Фларыдзе, асноўным рэгіёне вырошчвання гэтых цытрусавых ў ЗША (краіна з'яўляецца другім па велічыні вытворцам у свеце).

Звычайна вытворцы ў сітуацыях дэфіцыту сыравіны змешваюць запасы замарожанага апельсінавага канцэнтрату мінулага сезону, тэрмін прыдатнасці якога складае два гады, з новым ураджаем, аднак скарачэнне паставак, якое працягваецца ўжо цягам трох гадоў, прывяло да вычарпання рэзерваў.

Прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі фруктовых і агароднінных сокаў (IFU) Кіс Кулс заявіў, што адзіным доўгатэрміновым варыянтам, які не закране натуральнасць прадукту, можа быць выкарыстанне розных відаў садавіны пры вытворчасці апельсінавага соку.

Так, мандарынавыя дрэвы больш устойлівыя да змены клімату ў рэгіёнах, дзе культывуюцца цытрусавыя, таму іх плады можна часцей выкарыстоўваць як сыравіну для дабавак у апельсінавы сок.

Па словах Кулса, IFU разглядае магчымасць карэктавання устаноўленых нормаў, што дазволіць напою ўтрымліваць іншыя цытрусавыя, акрамя апельсінаў. Гэта запатрабуе змяненняў спачатку ў Кодэксе харчовых стандартаў, устаноўленым органамі ААН, а пасля на нацыянальным узроўні.

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Выпаленая Еўропа. Кантыненту пагражаюць рэкордная засуха, спёка і пажары другі год запар

«Гэта, натуральна, не суперфуд». Чым карысная і шкодная бульба і як часта яе есці?

Nashaniva.com