У Гродне пабудуюць касцёл з рэдкім для Беларусі нябесным заступнікам

Праект храма, які плануюць пабудаваць у новым гродзенскім мікрараёне Грандзічы, вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Яго нябесным патронам мае стаць святы айцец Піа, піша Hrodna.life.

01.06.2024 / 21:59

Праект новага касцёла ў Грандзічах — ілюстрацыя з матэрыялаў грамадскіх абмеркаванняў

Паводле праекта, малітоўная зала храма будзе разлічаная на 294 чалавекі. Сцены касцёла абліцуюць чырвона-карычневай керамічнай цэглай. Вышыня вежы касцёла — 30,7 метраў, з крыжом — 34,7 метраў.

У планах, акрамя будынка касцёла, таксама парафіяльны дом, пляцоўка для адпачынку, дзве стаянкі на 12 і 14 машын.

Праект новага касцёла ў Грандзічах — ілюстрацыі з матэрыялаў грамадскіх абмеркаванняў

Двухпавярховы парафіяльны дом (другі паверх — мансардны) атынкуюць і афарбуюць, частку сцен абліцуюць пад цэглу. У доме будзе закрыстыя, канцылярыя, навучальныя класы, жылыя памяшканні, кухня, пральная, пакой для харчавання, санвузлы, міні-кацельня. Парафіяльны дом будзе звязаны з касцёлам пераходнай галерэяй.

Тэрыторыю вакол касцёла азеляняць, паставяць лавачкі.

План размяшчэння храма з матэрыялаў грамадскіх абмеркаванняў

Парафія святога айца Піа (вядомы італьянскі святы XX стагоддзя) з’явілася паводле рашэння гродзенскага каталіцкага біскупа Аляксандра Кашкевіча ў 2019 годзе. Яна ахоплівае мікрараён Грандзічы і найбліжэйшыя вёскі. Кіруе парафіяй ксёндз Артур Малафей.

Святы Піа — рэдкі для Беларусі нябесны заступнік каталіцкіх храмаў. Да гродзенскіх Грандзічаў парафіі яго імя з’яўляліся толькі ў Маладзечне і Лёзне.

Грамадскія абмеркаванні пройдуць з 5 па 19 чэрвеня. Праект можна будзе ўбачыць у гэтыя дні з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00, з панядзелка па пятніцу, у вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта (плошча Тызенгаўза, 3). Тамсама 12 чэрвеня ў 15.00 у кабінеце № 1 пройдзе прэзентацыя праекта.

Заўвагі і прапановы па праекце прымаюцца з 5 па 19 чэрвеня. 

Інфармацыя аб выніках грамадскага абмеркавання павінна з’явіцца да 3 ліпеня на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

Сталі вядомыя прычыны арышту шумілінскага ксяндза Юхневіча

На якой машыне ездзіць мітрапаліт Юзаф Станеўскі

Без святла, вады і храма жыве ў Мінску Капелан Папы Рымскага

Маладзечанскія ўлады вырашылі знесці 200-гадовы касцёл. Вось чым гэта скончылася

Nashaniva.com