Расія намагаецца сарваць Саміт міру, а Кітай выступае інструментам у руках Пуціна — Зяленскі

Больш за сто краін пацвердзілі ўдзел у Саміце міру ў Швейцарыі 15 чэрвеня, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які знаходзіцца на канферэнцыі «Дыялог — Шангры Ла» ў Сінгапуры.

02.06.2024 / 11:21

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на канферэнцыі «Дыялог — Шангры Ла» ў Сінгапуры

«У нас ёсць сёння пацвярджэнне 106 краін свету. І гэта на высокім узроўні: на ўзроўні лідараў, на высокім узроўні прадстаўнікоў сваіх краін», — цытуе Зяленскага BBC. 

Паводле яго слоў, Расія спрабуе сарваць мерапрыемства. 

«Расія сёння ездзіць па многіх краінах свету, пагражаючы блакадай харчовай прадукцыі, аграпрадукцыі або хіміі, коштамі на энергетыку або проста цісне на іншыя дзяржавы свету, каб яны не былі на саміце», — адзначыў Зяленскі. 

«І таму, калі вы пытаецеся, што можа зрабіць сёння свет, свет павінен быць моцным, ціснуць палітычна на Расію. Па-іншаму спыніць Пуціна немагчыма, толькі дыпламатычная ізаляцыя, моцнае ўкраінскае войска, ну і разабрацца ўсім краінам свету да канца: не балансаваць паміж Украінай і Расіяй, а абараняць справядлівасць і міжнароднае права», — дадаў прэзідэнт Украіны. 

Зяленскі таксама выказаў расчараванне тым, што некаторыя сусветныя лідары, уключаючы кіраўнікоў ЗША і Кітая, дагэтуль не пацвердзілі свой удзел у саміце. 

«Злучаныя Штаты пацвердзілі свой удзел на высокім узроўні. У нас ёсць шанец, што прэзідэнт будзе. Што тычыцца Кітая, яны не пацвердзілі сваю прысутнасць на любым узроўні. Злучаныя Штаты маюць кантакты з некаторымі дзяржавамі і заахвочваюць іх удзельнічаць у Саміце міру. Кітай, на жаль, наадварот — працуе над тым, каб краіны не прыязджалі на Саміт міру. Вялікая розніца паміж двума гэтымі пазіцыямі», — развіў сваю думку прэзідэнт Украіны.

Адказваючы на пытанне, ці пагодзіцца ён узяць удзел у асобнай канферэнцыі, якую плануюць правесці Кітай і Бразілія з удзелам Расіі, украінскі прэзідэнт заявіў: «Украіна, як ахвяра гэтай вайны, мела права ініцыяваць шлях да завяршэння вайны, а менавіта Саміт міру».

«Ніхто не мае права казаць нам, як павінна скончыцца гэтая вайна. Яна павінна скончыцца па законе, у адпаведнасці з міжнародным правам. Па справядлівасці. І гэта абавязкова. Мы запрасілі і Кітай, і Бразілію, і ўсе краіны мы запрашаем», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі адзначыў, што на першым Саміце міру будуць абмяркоўвацца тры з 10 пунктаў прапанаванай ім формулы міру: ядзерная бяспека, харчовая бяспека і вызваленне ваеннапалонных і вывезеных у Расію ўкраінскіх дзяцей. 

Расію на саміт не запрасілі.

Зяленскі мяркуе, што Трамп можа стаць «прэзідэнтам-лузерам»

Белы дом: Дазвол на ўдары зброяй з ЗША па Расіі тычыцца не толькі Харкаўшчыны

Зяленскі назваў нерэалістычнымі перамовы з Расіяй

Nashaniva.com