Медыямагнат Руперт Мердак ажаніўся ў 93 гады. Абранніца — былая цешча Рамана Абрамовіча

Гэта пяты шлюб медыямагната.

02.06.2024 / 17:34

Скрыншот відэа Mirror7.news

93-гадовы Руперт Мердак ажаніўся на 67-гадовай Алене Жукавай. Вяселле медыямагната адбылося ў яго маёнтку і вінаградніку ў Каліфорніі, паведамляе The Independent.

Жукава — малекулярны біёлаг, якая ў асноўным займаецца вывучэннем дыябету, праводзячы свае даследаванні ва ўстановах па ўсім свеце, уключаючы Каліфарнійскі універсітэт у Лос-Анджэлесе.

Пасля распаду Савецкага Саюза яна пераехала ў ЗША з Масквы разам са сваім былым мужам Аляксандрам Жукавым, які з часам стаў мільярдэрам, ён інвестуе ў энергетыку. Іх дачка Даша Жукава да 2017 года была замужам за расійскім алігархам Раманам Абрамовічам.

Rupert Murdoch and Elena Zhukova marry at Bel Air winery Moraga https://t.co/HZKU6AhDyR pic.twitter.com/qTfNjrck4c

— Page Six (@PageSix) June 2, 2024

Для Мердака гэта пяты шлюб. З 2016 па 2022 год ён быў жанаты на супермадэлі і былой жонцы Міка Джагера Джэры Хол.

Яго першы шлюб, са сцюардэсай Патрыцыяй Букер, адбыўся ў 1956 годзе, і пара развялася пасля 11 гадоў сумеснага жыцця ў 1967 годзе. У іх ёсць агульнае дзіця, дачка Пруденс.

У тым жа годзе пасля разводу з Букер Мердак ажаніўся на шатландскай журналістцы Ганне Марыі Торв, ад якой у яго трое дзяцей: Элізабэт, Лахлан і Джэймс.

Яны развяліся ў 1999 годзе пасля 32 гадоў сумеснага жыцця, і праз некалькі месяцаў Мердак ажаніўся з Вэндзі Дэнг, з якой у яго дзве агульныя дачкі, Грэйс і Хлоя. Пара развялася ў 2013 годзе.

News Corp Руперта Мердака валодае сотнямі газет і іншых сродкаў масавай інфармацыі па ўсім свеце. Створаны ў 1996 годзе тэлеканал Fox — зараз самы папулярны канал у ЗША.

Пачынаў Мердак у 1950-х у роднай Аўстраліі. У 1969 годзе ён купіў дзве «жоўтыя» брытанскія газеты — News of the World і Sun, затым — амерыканскія New York Post і Wall Street Journal і такім чынам паступова стварыў гіганцкую міжнародную медыя-імперыю.

У верасні 2023 года Мердак абвясціў, што сыходзіць у адстаўку з пасады кіраўніка Fox Corp. і News Corp. Аднак плануе захаваць за сабой пасаду ганаровага старшыні, паколькі яго сын Лахлан перайшоў на тую пасаду, якую ён пакінуў пасля сябе.

Nashaniva.com