Міністр Кубракоў прапанаваў, каб беларускія зняволеныя шылі форму і мангольскім сілавікам

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў быў з працоўным візітам у Манголіі. Міністэрства спадзяецца супрацоўнічаць з мангольскімі сілавымі ведамствамі па розных кірунках. 

02.06.2024 / 20:48

Кубракоў у час візіту ў Манголію. Фота: тэлеграм-канал МУС

Сярод іх — забеспячэнне бяспекі дарожнага руху, абмен досведам, у тым ліку ў галіне навучання спецыялістаў, узаемадзеяння ў маштабах міжнародных арганізацый, такіх як нарада міністраў унутраных спраў і грамадскай бяспекі дзяржаў — членаў ШАС.

Мангольскіх паліцэйскіх гатовы навучаць на кароткатэрміновых курсах на базе Акадэміі МУС, паведамляе МУС.

Кубракоў таксама заявіў, што прадпрыемствы Дэпартамента выканання пакарання гатовыя вырабіць для сілавікоў Манголіі форменнае адзенне, абутак і спецыяльную экіпіроўку.

Нагадаем, форму для беларускіх сілавікоў шыюць, напрыклад, у жаночай калоніі ў Гомелі. Да гэтай працы прыцягваюць і палітычных зняволеных.

Nashaniva.com