Варшаўскі суд часова забраў у беларускі немаўля, якое важыла 1,5 кг

У ноч на 22 траўня грамадзянка Беларусі прыйшла ў варшаўскую лякарню з вельмі знясіленым дзіцём: двухмесячнае немаўля важыла 1,5 кг, калі нармальная вага ў такім узросце — звыш 5 кг. У судзе «Белсату» расказалі, што дзіця забралі, а бацькоў не затрымлівалі.

03.06.2024 / 12:04

Ілюстрацыйнае фота

Што здарылася

Аб здарэнні раней паведамлялі наступнае: у ноч з 21 на 22 траўня ў лякарню на вуліцы Каперніка ў Варшаве прыйшлі маці (грамадзянка Беларусі) і бацька (як выявілася пазней, грамадзянін Украіны) з дзіцём узростам 10 тыдняў. На целе дзіцяці заўважна выступалі косткі.

Лекар паставіў дыягназ: дзіця моцна знясіленае і галоднае. Бацькі выслухалі лекара, забралі дзіця і з’ехалі. На іх пошукі выправілі некалькі атрадаў паліцыі. Бацькоў адшукалі, яны былі ў стане алкагольнага ап’янення (каля 1 праміле ў выдыханым паветры). Дзіця даставілі ў лякарню.

Бацькам выставілі абвінавачванне паводле артыкулу за падвярганне дзіця небяспецы (§ 2 арт. 160 Карнага кодэксу Польшчы), ім пагражае ад 3 месяцаў да 5 гадоў пазбаўлення волі. Далейшыя дзеянні ў справе праводзіць IV штаб нацыянальнай паліцыі з Бемова і пракуратура, пра справу паведамілі сямейнаму суду.

Пазней журналісты назвалі імёны падазраваных бацькоў: 40-гадовая грамадзянка Беларусі Кацярына Г. і 41-гадовы грамадзянін Украіны Сяргей З. За імі выставілі паліцэйскі нагляд, забралі пашпарты і забаранілі пакідаць краіну. Станам на 29 траўня дзіця было ў шпіталі ў аддзяленні паталогіі немаўлят.

Што расказаў суд

Інспектар аховы звестак раённага суду раёну Варшава-Воля Лукаш Ціхоўскі расказаў «Белсату», што трывае справа аб абмежаванні ці пазбаўленні бацькоўскіх правоў. 23 траўня была вынесеная пастанова аб наданні абароны для дзіцяці: дзіця змясцілі ў прыёмную сям’ю да сканчэння следчых працэдураў.

У секцыю падрыхтоўчага вядзення суду не паступалі запыты на ўжыванне захадаў стрымання, дадаў прадстаўнік суду.

Імаверна, маці бачылі ў амбасадзе

Чытачка «Белсата» расказала, што нядаўна бачыла ў амбасадзе Беларусі ў Варшаве жанчыну з дзіцём у сарафане і красоўках, як на відэа выдання «Miejski Reporter». Дзіця тады было загорнутае ў карычневы ручнік. Паводле чытачкі, жанчына збіралася зрабіць для дзіцяці даведку для ўезду ў Беларусь.

«Жанчына была цвярозая, — расказвае чытачка. — І ў машыне аднаго хлопца, які стаяў з намі ў чарзе, нават карміла малога. Але расказвала дзіўныя рэчы: што калі зацяжарала, яе звольнілі з працы, а таксама, што калі нарадзіла, да яе ніхто не прыходзіў на патранаж. Страхоўкі няма, таму збіралася з’ехаць. Магчыма, сапраўды ў яе цяжкая сітуацыя. Яна ў амбасаду ехала з трыма перасадкамі, грошай на таксі не было».

Чытачка дадала, што вельмі расхвалявалася, калі пабачыла навіны пра дзіця і пазнала маці па адзенні на відэа. Кажа, паверыла ёй, калі слухала ейную гісторыю ў амбасадзе.

У Facebook-суполцы беларусаў Варшавы нядаўна былі пытанні адносна дакументаў для дзяцей для выезду ў Беларусь, але гэтыя пытанні паходзілі ад ананімных карыстальнікаў.

Nashaniva.com