У Адэсе загінула 20-гадовая паліцэйская — хваля змыла яе ў мора падчас фотасесіі ВІДЭА

Дзяўчына фатаграфавалася на пірсе на памяць аб знаходжанні ў горадзе.

03.06.2024 / 15:21

Фота: Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях

У Адэсе падчас адпачынку на вядомым пляжы «Аркадзія» загінула 20-гадовая паліцэйская з горада Роўна. Як паведамілі ў рэгіянальным упраўленні Нацыянальнай паліцыі, трагедыя адбылася ўчора ўвечары на адным з пляжаў. 20-гадовая дзяўчына знаходзілася па-за службай, гэта значыць адпачывала, піша УНІАН.

«Дзяўчына фатаграфавалася на пірсе на памяць пра знаходжанне ў Адэсе. Першая хваля збіла яе з ног, а другая — змыла ў мора… Цяпер праводзяцца пошукі цела дзяўчыны з прыцягненнем вадалазаў ДСНС», — распавялі ў паліцыі.

Відавочцы паведамляюць, што здарэнне адбылося на пляжы «Аркадзія». Гаворыцца, што дзяўчына ўчора прыехала з калегамі адпачыць у Адэсу і фатаграфавалася на так званых плітах — частцы ўзбярэжжа, пакрытай вялікімі каменнымі блокамі.

«У нейкі момант паліцэйскую збіла з ног хваля, яна ўпала, стукнулася галавой аб пліты і яе змыла ў мора», — паведаміў адзін з мясцовых ТГ-каналаў.

Вядуцца пошукі.

Nashaniva.com