У беларускім вадаёме ўпершыню вылавілі незвычайную рыбіну

Мінскі рыбалоў Яўген Вабішчэвіч злавіў у адным з вадаёмаў Дзятлаўскага раёна сонечнага акуня — незвычайную рыбіну, якая для мясцовай іхтыяфауны інвазіўная, паведамляе fishingby.com.

03.06.2024 / 16:59

Фота: Яўген Вабішчэвіч

«Рыбка злоўленая на дзікім ізаляваным азярцы, быў вельмі здзіўлены і нават трохі шакаваны такім уловам», — расказаў рыбалоў.

Экзатычны прышэлец з Паўночнай Амерыкі ўпершыню з'явіўся на еўрапейскім кантыненце ў 1877 годзе. Дзякуючы добра развітай здольнасці адаптавацца да новых умоў пражывання, гэты від акунепадобных паспяхова рассяліўся па вадаёмах Еўропы і цяпер, па ўсёй бачнасці, стаў дабірацца да азёр Беларусі.

Сонечны акунь (Lepomis gibbosus) у нашай краіне адносіцца да інвазіўных відаў рыб, і ягонае распаўсюджанне вельмі непажаданае, бо гэты акунь складае харчовую канкурэнцыю для мясцовых відаў рыб і знішчае іх ікру.

Дзякуючы асабліваму клопату пра сваё патомства акуні гэтага віду хутка размнажаюцца і паступова выцясняюць са спрадвечных месцаў пражывання добра нам вядомага акуня рачнога (Perca fluviatilis).

Год таму няпрошаны госць з Амерыкі быў выяўлены ў рыбалоўных угоддзях Фінляндыі, крыху раней трывогу забілі ўкраінскія іхтыёлагі — сонечны акунь масава распладзіўся і стаў лавіцца ў вадаёмах Кіева.

У Беларусі, здаецца, гэта першы выпадак вылаву такой экзатычнай рыбіны.

Сонечны акунь ядомы, але прамысловага значэння гэтая рыбіна не мае, бо вырастае звычайна да памеру не больш за 15-20 см. 

ЖКГ-драма ў сям’і рыбака: шчупакі «памыліся» на 40 кубоў вады

Рыбакі на выходных цэлым натоўпам акупавалі невялікую рачулку пад Гроднам. Лавілася добра, але шмат і насвінячылі

У Барысаўскім раёне рыбак злавіў вялізнага шчупака ФОТАФАКТ

«Рыбу звычайна шкадуем». Асаблівасці рыбалкі па-беларуску

Nashaniva.com