На 104-м годзе жыцця памерла сястра Цэцылія Абухоўская
У сталым жыцці, пры Саветах, жанчыне-манахіні давялося ратаваць ад знішчэння абраз Езуса Міласэрнага — гэта быў сюжэт, варты дэтэктыўнага рамана.
04.06.2024 / 07:31
Фота: grodnensis.by
Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай) паведаміла, што 3 чэрвеня ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) на 104-м годзе жыцця памерла сястра Цэцылія Абухоўская — былая генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці, піша catholic.by.
Цырымонія развітання пройдзе сёння ў Каменцы, а пахаваюць паважаную жанчыну ў сераду.
Сястра Цэцылія Абухоўская нарадзілася ў 1920 годзе. Яна ганарылася, што нарадзілася ў адзін год з Каралем Вайтылам — будучым Папам Янам Паўлам II.
У 1950 годзе прынесла манаскія абяцанні. У часы пераследу веры пра тое, што яна з’яўляецца законніцай, ведалі толькі яе маці і родная сястра.
З 1959 года была арганісткай у парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат). Пасля дзесяці гадоў служэння ў Крамяніцы прыехала разам з ксяндзом Юзафам Грасевічам у Каменку. Была там арганісткай, дапамагала ксяндзу Юзафу ў душпастырстве.
На працягу 25 гадоў Цэцылія была генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), будучы адказнай за ўсю супольнасць.
У савецкія часы яны выратавала ад знішчэння абраз Езуса Міласэрнага.
«Усё маёй рукой рабілася», — адзначала яна, узгадваючы, як падмяняла і перавозіла рэліквію з Новай Руды ля Гродна ў Вільню.
Абраз захоўваўся ў святыні невялічкай вёскі на працягу 30-ці гадоў (1956—1986 гг.). Апынуўся там з прычыны ганенняў на Касцёл у Літве. Аднак варожыя настроі хутка сталі адчувальнымі і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Мясцовыя ўлады пастанавілі зрабіць з касцёла ў Новай Рудзе гаспадарчы склад, што пазней і было здзейснена. Са святыні павыносілі амаль усе рэчы, узяліся нават разбіраць алтар… Аднак абраз Езуса Міласэрнага пакінулі. Ён вісеў высока пад столлю, і быццам не знайшлося драбін патрэбнай вышыні, каб зняць яго.
У часы ганенняў на Касцёл сястра Цэцылія не магла паказваць, што з’яўляецца манахіняй. Аб гэтым ведалі выключна блізкія. Яна не магла насіць хабіт (адпавены строй) і адкрыта выконваць сваю паслугу. Была вымушана ўкрывацца і займацца іншай працай. Напрыклад, у Парэччы апекавалася сталым чалавекам і дзецьмі, а ў Друскеніках (Літва) працавала кухаркай у санаторыі.
Было вырашана вярнуць абраз у Вільню. На момант памятных падзей сястра Цэцылія і яе паплечніца сястра Тэрэза былі ў сталым узросце, аднак гэта не перашкодзіла ім разам правесці складаную аперацыю.
«За справу ўзяліся мы ўдваіх ды яшчэ спадар Вацлаў, кіроўца, — распавядала с. Цэцылія. — Рабілі ўсё ў прыцемках, у вялікай таямніцы. Сястра Тэрэза хоць была значна старэйшая за мяне, адрознівалася вялікай спрытнасцю. Праз хоры мы ўзлезлі на гарышча і дэмантавалі частку драўлянай сцяны. Затым уцягнулі арыгінал і павесілі замест яго загадзя падрыхтаваную копію. На шчасце, абраз не быў цяжкі. Дасталі яго з рамы і скруцілі ў рулон».
Да Гродна дабраліся на машыне, а пасля пераселі на цягнік, які дамчаў іх у Вільню. Манахіня ўзгадвае, што моцна хвалявалася, калі перавозілі абраз. Падчас падарожжа да іх падазрона прыглядаліся мінакі: увагу прыцягваў прадаўгаватай формы скрутак.
У Вільні манахіні накіраваліся ў касцёл Святога Духа. Як і было ўзгоднена, с. Цэцылія падышла да пробашча Аляксандра Кашкевіча і паведаміла, што прывезла абраз. У святыні для яго ўжо было падрыхтавана месца і замоўлена пазалочаная рама.
Касцёл святой Тройцы ў Вільні. Вострая Брама злева ад яго.
Праз некаторы час рэліквія была перанесена з касцёла Святога Духа ў касцёл Святой Тройцы, дзе паўстаў першы ў Літве санктуарый Божай Міласэрнасці. Там абраз сустракае паломнікаў з усяго свету да сёння.
Абраз Езуса Міласэрнага. Фота: catholic.by