У мінскай Лошыцы зноў смярдзіць. Што кажуць улады?

Жыхары сталічнай Лошыцы зноў сталі скардзіцца на непрыемны пах, які перыядычна накрывае мікрараён. Насельніцтва незадаволена, і яго можна зразумець: усім хочацца дыхаць на поўныя грудзі і адкрываць вокны ў спёку

04.06.2024 / 12:32

Лошыца. Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Як расказаў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Раман Мельнік, у самім раёне ў цэлым і ў Лошыцы няма прадпрыемстваў, што забруджваюць паветра. А значыць, крыніца смуроду відавочна не яны, піша blizko.by.

Затое маецца іншая праблема: у вясновы час людзі, якія пражываюць у мікрараёне, адчуваюць непрыемны пах з-за сельскагаспадарчых работ, якія аграрыі праводзяць на палях, якія прымыкаюць да МКАД.

Як адзначыў Раман Мельнік, мясцовыя жыхары выдатна ведаюць пра гэта, але ўсё роўна часам грамадзяне нешта дадумваюць. Па словах кіраўніка раённай адміністрацыі, гэтыя інсінуацыі «нічога агульнага з рэчаіснасцю не маюць».

Улады зазначаюць, што за якасць паветра ў сталіцы перажываць не варта: у Мінску дзейнічае жорсткая сістэма кантролю яго стану, а ў Ленінскім раёне маецца чатыры абсталяваныя перасоўныя пасты.

Спецыялісты ажыццяўляюць забор пробаў паветра і праводзяць замеры прыкладна па 10 крытэрах. Сёлета ў Лошыцы не адзначалася ніводнага перавышэння адпаведных індэксаў якасці паветра.

Nashaniva.com