Пуцін пачаў насіць на публічных мерапрыемствах бронекамізэльку

Расійскія спецслужбы беспрэцэдэнтна ўзмацнілі і да таго высокі ўзровень аховы Уладзіміра Пуціна — па рэкамендацыі спецслужбаў падчас публічных мерапрыемстваў на адкрытым паветры ён пачаў насіць бронекамізэльку, расказалі выданню The Moscow Times два расійскія чыноўнікі і пацвердзіла крыніца, блізкая да Крамля.

04.06.2024 / 18:41

Фота: kremlin.ru

Па словах чыноўніка, які неаднаразова асабіста бачыў Пуціна падчас яго публічных мерапрыемстваў, насіць бронекамізэльку ён пачаў яшчэ ў 2023 годзе па рэкамендацыі Федэральнай службы аховы і Службы бяспекі прэзідэнта.

«Сёлета 9 мая падчас параду начальнік абсалютна дакладна быў у прыхаванай бронекамізэльцы. І гэтая мера засцярогі, я мяркую, правільная», — расказаў расійскі чыноўнік, які прысутнічаў на Краснай плошчы падчас параду.

Джэйд Мілер, брытанская кансультантка ў пытаннях бяспекі, на просьбу The Moscow Times вывучыла відэакадры з выступленнем Пуціна на парадзе 9 мая 2024 года і прыйшла да высновы, што ён сапраўды быў апрануты ў бронекамізэльку.

«Пуцін ходзіць даволі скавана, і на спіне яго паліто не відаць натуральных зморшчын пры хадзе і поціску рукі вайскоўцаў, — сказала Мілер. — Верхняя частка цела Пуціна выглядае ненатуральна, а ягоныя плечы здаюцца даволі шырокімі і квадратнымі, не відаць формы спіны і лапатак».

Па словах эксперткі, па паводзінах Пуціна можна зрабіць выснову, што пад паліто надзета нешта, што дастаўляе яму дыскамфорт пры хадзе.

«У шэрагу выпадкаў ён падымае і папраўляе плечы, што сведчыць пра дыскамфорт ад таго, як балістычная камізэлька сядзіць на плячах, і пры працяглым нашэнні яе вага можа выклікаць раздражненне і дыскамфорт».

«Відаць, што Пуцін трымае паліто высока зашпіленым, і відаць, што ён правярае, ці зашпіленае яно, як быццам спрабуе пераканацца, што ніхто не бачыць, што пад паліто. На маю прафесійную думку, Пуцін падчас наведвання парада носіць нейкую форму балістычнай абароны», — канстатуе Мілер.

Афіцыйна Крэмль адмаўляе неабходнасць павышэння мер бяспекі для Уладзіміра Пуціна.

«[Меры бяспекі] на звычайным узроўні. Робіцца тое, што трэба для гарантавання бяспекі прэзідэнта», — казаў у сярэдзіне мая прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, каментуючы замах на славацкага прэм'ера Роберта Фіца.

Пуцін спусціўся з самалёта да Лукашэнкі па куленепрабівальным трапе ФОТАФАКТ

Аляксей Талай — Пуціну: Мы — рускія, з намі Бог!

Расія гатовая працягваць Стамбульскі перамоўны працэс — Пуцін

«Будуць арыштаваныя сотні людзей». Пуцін загадаў ФСБ зачысціць Мінабароны, каб пакараць за правалы ва Украіне

Nashaniva.com