БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Папулярны польскі банк увёў яшчэ адно абмежаванне для беларусаў

6.06.2024 / 14:30

Nashaniva.com

Польскі банк Santander спыніў выдачу іпатэчных крэдытаў беларусам без ДНЖ. Пра гэта паведамляюць рыэлтары, таксама гэтую інфармацыю пацвердзілі на інфалініі банка, куды журналіст Most патэлефанаваў як грамадзянін Беларусі, зацікаўлены ў атрыманні крэдыту на жыллё.

 Фота: Santander Bank Polska

Па новых правілах, каб атрымаць крэдыт у банку, грамадзянін Беларусі павінен валодаць картай побыту, якая будзе сапраўдная не менш як 12 месяцаў з моманту падачы дакументаў. Напрыклад, пры падачы заявы на крэдыт 6 чэрвеня 2024 года тэрмін дзеяння карты побыту павінен заканчвацца не раней за 6 чэрвеня 2025 года, растлумачылі ў банку. 

Рыэлтар Дзяніс Яроменка ў тыктоку прывёў яшчэ адну катэгорыю асоб, у якіх магу ўзнікнуць праблемы з атрыманнем іпатэчнага крэдыту ў Santander, — гэта грамадзяне Беларусі, якія нарадзіліся ў Расіі. 

Патрабаванне ДНЖ для атрымання іпатэкі зʼяўляецца ўніверсальным практычна ва ўсіх польскіх банках, да гэтага часу Santander зʼяўляўся выключэннем. Раней банк задавальняў заяўкі беларусаў, якія знаходзіліся ў Польшчы па візе ці па «штампе ў пашпарце» — гэта значыць, калі тэрмін дзеяння візы ці іншага дакумента, які легалізуе знаходжанне ў Польшчы, скончыўся, але грамадзянін Беларусі паспеў падаць заяву на ДНЖ у Польшчы і чакаў рашэння. 

Дзяніс Яроменка рэкамендаваў беларусам перад падачай дакументаў на іпатэчны крэдыт паспрабаваць адкрыць валютны рахунак у любым банку. Ён растлумачыў гэта тым, што працэс адкрыцця рахунку ўключае праверку з боку ўнутранай бяспекі банка. Таму калі рахунак будзе адкрыты, то і шанцы на адабрэнне іпатэчнага крэдыту значна ўзрастаюць. 

Якія яшчэ абмежаванні ўвёў банк

Карту побыту, сапраўдную на 12 месяцаў наперад, банк цяпер патрабуе ў грамадзян Беларусі і пры адкрыцці рахункаў. А многім беларусам, якія адкрылі рахункі па старых правілах, не маючы карты побыту, банк заблакаваў доступ да інтэрнэт-банкінгу і мабільнага дадатку. Таксама шмат у каго не праходзілі плацяжы праз BLIK. 

Тым, хто патрапіў пад блакіроўку, але падаў у банк ДНЖ, доступ вярнулі. А тым, хто так і не атрымаў дакумент, даводзіцца асабіста ў аддзяленні банка выконваць аперацыі, якія раней былі даступны ў інтэрнет-банкінгу. Аперацыі па картах, у тым ліку пры пры дапамозе Apple Pay, Google Pay ці Samsung Pay, ім па-ранейшаму даступныя.

Чытайце таксама:

Польскія візавыя цэнтры ўвялі асобную рэгістрацыю яшчэ для адной катэгорыі беларусаў

Змяніліся правілы падачы дакументаў на польскую візу ў Беларусі

У Польшчы стварылі яшчэ адну камісію па расійскім і беларускім уплывах

Каментары да артыкула