Ізраіль нанёс удар па сховішчы ААН у цэнтры Газы: 27 загінулых

У чацвер ізраільскія вайскоўцы нанеслі ўдар па будынку школы ў Газе, якая належыць блізкаўсходняму агенцтву ААН па дапамозе палесцінскім уцекачам (БАПОР).

06.06.2024 / 15:44

Фота: Jehad Alshrafi / AP

Прадстаўнікі ЦАХАЛ заявілі, што там знаходзіўся камандны пункт ХАМАС і ўдарам знішчаныя баевікі, датычныя да нападу 7 кастрычніка. Аднак палесцінскія СМІ паведамляюць, што ў выніку ўдару загінулі не менш за 27 чалавек, якія шукалі там прытулак, піша Бі-бі-сі.

Мясцовыя журналісты распавялі Бі-бі-сі, што ізраільскі вайсковы самалёт выпусціў дзве ракеты па памяшканнях на верхнім паверсе школы ў лагеры бежанцаў «Нусейрат». Кіраўнік медыя-службы ХАМАС Ісмаіл Аль-Тхавабта адхіліў заявы Ізраіля аб тым, што ў гэтай школе ў цэнтры Газы быў схаваны камандны пункт групоўкі.

У заяве Арміі абароны Ізраіля гаворыцца, што знішчальнікі нанеслі «дакладны ўдар па лагеры ХАМАС, размешчаным у школе у раёне «Нусейрат», і былі знішчаны «тэрарысты ХАМАС» і «ісламскага джыхаду», якія ўдзельнічалі ў нападзе на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка мінулага года.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што перад ударам знішчальнікаў вайскоўцы прынялі меры, каб знізіць рызыку для цывільнага насельніцтва.

Напярэдадні ЦАХАЛ абвясціў пра пачатак новай ваеннай кампаніі ў цэнтры Газы. Ізраіль заявіў, што падчас перамоваў аб спыненні агню баявыя дзеянні спыненыя не будуць.

Nashaniva.com