«Ніколі не выганяйце чалавека на вуліцу»: Ілля Дабратвор скончыў эксперымент з жыццём у машыне
Ілля Дабратвор скончыў эксперымент і больш не жыве ва ўласнай машыне — аб гэтым ён распавёў у сваім блогу. Былы актывіст пацвердзіў «Нашай Ніве», што ўжо з'ехаў на кватэру, але тыдзень пасля гэтага апамятаваўся.
06.06.2024 / 16:59
Ілля Дабратвор. Скрыншот відэа на яго YouTube-канале
Падводзячы вынікі месяца жыцця ў літаральным сэнсе на вуліцах Варшавы, Ілля падкрэсліў, што складана яму было ў першую чаргу псіхалагічна.
— Нейкія побытавыя пытанні адыходзяць на другі план, усё гэта можна вырашыць — памыцца, паесці. Псіхалагічна складана жыць у машыне, нават ворагу такога не пажадаю. Нявызначанасць, неразуменне таго, што будзе заўтра, як яно будзе…
Пры гэтым Ілля сцвярджае, што знаходзіўся ў больш лайтовых умовах, чым шмат хто з вымушаных жыць на вуліцы людзей.
— Я разумеў, што магу саскочыць з гэтага і пайсці ў нармальнае жыллё. Але з іншага боку — ну які я мужык, калі не вытрымаю?
Мужчына кажа: жыць у машыне атрымалася больш дорага, чым у кватэры. Ён жартуе, што сваім прыкладам паказаў, што значыць жыць на працы (Ілля працуе таксістам).
— Ты не высыпаешся, стамляешся, прадукцыйнасць на мінімуме. Ты ўвесь час хочаш спаць. Нармальна ты ў машыне не паспіш, дзе б яна не стаяла — калі гэта не ў лесе.
Ілля звычайна працуе па начах, а днём спіць. Але ж мегаполіс жыве ў іншым рытме: днём побач з машынай ходзяць людзі, ездзіць транспарт — таму моцна заснуць немагчыма.
Пачынаў эксперымент мужчына яшчэ калі было даволі холадна.
— Ты прыязджаеш на нагрэтай машыне, дзве гадзіны спіш. Праз дзве гадзіны машына астывае. Ты прачынаешся ад холаду, уключаеш яе хвілін на 10, выграваеш, выключаеш, спрабуеш зноў заснуць.
Ілля рэзюмаваў: спаць трэба ў ложку. Ён падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго падчас эксперыменту, пісаў яму словы падтрымцы і нават прапаноўваў пажыць у сябе.
— Дзякуй, але мэтай эксперыменту было не пажыць дзесьці — такая магчымасць у мяне заўсёды была. Ніколі не выганяйце людзей на вуліцу, бо на вуліцы сапраўды цяжка.
Нагадаем: жыць у машыне, на якой ён таксаваў, Ілля Дабратвор пачаў у маі. Ён тады абвінавачваў былую жонку (маці сваіх 5 дзяцей) у тым, што яна выгнала яго на вуліцу праз крытыку Каардынацыйнай рады, куды Іна тады балатавалася.
Іна і Ілля Дабратвор разам з дзецьмі. Фота з асабістага архіву Іны
Іна Дабратвор «Нашай Ніве» тады распавяла пра сваё бачанне сітуацыі. Яна сцвярджала, што не жыла разам з былым мужам больш за два гады. Але ў нейкі момант таго папрасілі з'ехаць з арэнднай кватэры, а хутка адшукаць новую не атрымлівалася. Старэйшая дачка вельмі хвалявалася за тату, таму Іна, каб супакоіць дзяўчыну, дазволіла Іллі пажыць нейкі час у іх кватэры. І ён сапраўды пераехаў да былой жонкі і дзяцей на некалькі месяцаў. Але скончылася ўсё тым, што яму зноў давялося з'ехаць.
Былы актывіст Ілля Дабратвор жыве ў Варшаве проста ў сваім таксі