Наталля Радзіна: Я не бачыла нічога больш бессэнсоўнага і вартага жалю, чым выбары ў Каардынацыйную раду

Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» рэзка раскрытыкавала выбары ў КР і прайшлася па многіх гульцах палітычнага поля.

07.06.2024 / 11:05

Фота: сацыяльныя сеткі

«Нічога больш бессэнсоўнага і вартага жалю, чым так званыя выбары ў «каардынацыйную раду», я за 25 гадоў працы незалежным журналістам, мабыць, не бачыла. Такая бессаромная прафанацыя адбылася ўпершыню. 6700 тых, хто галасаваў за ўдзельнікаў гэтага фарсу з амаль 7 мільёнаў беларускіх выбаршчыкаў, з якіх не менш за 500 тысяч знаходзяцца за мяжой, велічыня на мяжы хібнасці. Беларусы папросту праігнаравалі гэтае бяздарнае тэатральнае дзейства, гэты парад чужых славалюбстваў і жадання пагуляць у «палітыку», седзячы ў бяспечнай эміграцыі», — мяркуе Радзіна.

Яна прайшлася і па Офісе Святланы Ціханоўскай: «За апошнія чатыры гады правальнай дзейнасці офіса Ціханоўскай і яго структур, стала ясна, што гэтыя людзі не хочуць ні працаваць, ні перамагаць. Іх мэта — імітаваць бурную дзейнасць, надзімаць шчокі і «мыльныя бурбалкі» ў выглядзе нерэалізуемых праектаў накшталт перамоваў з уладай або «пашпартоў новай Беларусі», займацца палітычным турызмам і пладзіць бюракратыю, прыкрываючыся нібыта народнай падтрымкай».

Радзіна перакананая, што палітыкам не цікавыя рэальныя праблемы беларусаў:

«Галоўнае — з важным выглядам ездзіць на машынах з асабістым кіроўцам і аховай, як гэта робяць Ціханоўская і Латушка. Або пускаць пыл у вочы заходнім палітыкам, як Кавалеўскі і Астапенка, якія да гэтага рабілі гэта ў лукашэнкаўскім МЗС. Або падстаўляць людзей небяспечным і ўразлівым планам «Перамога», як гэта робіць падпалкоўнік ГУБАЗіК Азараў. Або імітаваць актыўнасць, але так і не стварыць ва Украіне ніводнага рэальнага беларускага падраздзялення, як падпалкоўнік Сахашчык».

Пра асобу Паўла Латушкі Радзіна ўдакладніла: на яе думку, ён можа не прайсці люстрацыю ў новай дэмакратычнай Беларусі за ранейшую супрацу з лукашэнкаўцамі.

Журналістка фармулюе, на чым трэба засяродзіцца эміграцыі: на дапамозе і падтрымцы сем'яў палітвязняў і ўцекачоў, інфармацыйнай працы і контрпрапагандзе, развіцці нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, падтрымцы добраахвотнікаў і ветэранаў вайны ва Украіне, лабіраванні сур'ёзных і адчувальных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі за парушэнне правоў чалавека.

Тэлефоны Наталлі Радзінай і Андрэя Саннікава былі заражаныя сакрэтнай праграмай сачэння

«Латушка фальсіфікаваў у пасольстве, камбрыг Сахашчык — у сябе» — Саннікаў патлумачыў свае прэтэнзіі да лідараў

Радзіна параіла Украіне наносіць удары па вайсковых аб'ектах і НПЗ у Беларусі. Пазняк рэзка адрэагаваў

Nashaniva.com