Лукашэнка не першы раз прасіў прапагандыстаў збавіць градус

Пра гэта расказалі самі супрацоўнікі дзяржСМІ.

07.06.2024 / 11:31

Прапагандысты Андрэй Мукавозчык і Марыя Пятрашка. Скрыншот відэа

У маі на медыяфоруме, дзе сабраліся супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў некаторых прапагандыстаў.

«Ведаеце, да мяне даходзяць адгалоскі нейкіх спрэчак, што некаторыя нашы журналісты, не крыўдзіцеся, зорку злавілі і давай аўтарскія перадачы. (…) Выйсці на экран і ляпіць там усё запар, выбачайце мяне за гэта слова, лаючы ўсё і ўся вакол, лічачы, што ты ўжо ва ўсім разабраўся — небяспечная тэндэнцыя, падумайце над гэтым», — казаў ён.

Прычынай гэтых слоў было асвятленне Украіны прапагандыстамі.

«Ну што вы ўвесь час трэплеце гэтую Украіну. Вы ж не забывайцеся пра тое, што калісьці нам давядзецца з імі наладжваць адносіны», — казаў ім Лукашэнка.

У нядаўнім выпуску праграмы «Скажінемолчі» на БТ згадалі гэты зварот палітыка. І вядучая Вікторыя Папова заўважыла, што не першы раз Лукашэнка звяртае ўвагу на працу дзяржаўных журналістаў. Пад час навагодняй сустрэчы ён таксама казаў супрацоўнікам дзяржСМІ, што «трэба прайсці па тонкім лёдзе, улічваючы сённяшнюю сітуацыю».

«Збавіць крыху градус, не пераходзіць на абагульненні, — дадаў генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-навіны» і старшыня дзяржаўнага Саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. — І ў Саюз журналістаў, паверце, дзясяткі зваротаў ідуць наконт нашых калег, якія вядуць эмацыйную аўтарскую публіцыстыку. На іх людзі сапраўды звяртаюць увагу, гэта іх турбуе. Нехта хваліць, нехта лаіць».

Стала вядома, за што Лукашэнка граміў «аўтарскія праграмы» на тэлебачанні

Чаму Лукашэнка папракаў сваіх прапагандыстаў за тэму Украіны?

«Некаторыя зорку злавілі. Выйсці на экран, лаючы ўсё…». На каго з прапагандыстаў намякаў Лукашэнка?

Nashaniva.com