На БТ паказалі інтэрв'ю з палітзняволенай Дар'яй Лосік

Што адметна — яе здымалі схаванай камерай з моманту паступлення ў калонію.

07.06.2024 / 22:09

Карэспандэнтка Кацярына Круцялевіч прыехала да Лосік у гомельскую калонію.

Практыка добраахвотна-прымусовых тэлеразмоваў з палітвязнямі актыўна практыкуецца беларускай прапагандай з 2021 года, з часоў Рамана Пратасевіча.

Прычым для прапаганды важна, каб палітзняволеныя падкрэслівалі, што даюць інтэрв'ю нібыта па сваёй ініцыятыве. Ад іх патрабуецца расказваць пра добрыя ўмовы ўтрымання і абвяргаць свой статус палітвязня.

Што адметна ў сітуацыі з Дар'яй Лосік — яе здымалі схаванай камерай яшчэ з моманту паступлення ў калонію.

У фільме паказваліся кадры, калі яна ўлетку 2023 года аддае паперы супрацоўніку адміністрацыі. Найхутчэй, гэта абавязальніцтва выконваць правілы ўтрымання, якія павінны падпісваць усе зняволеныя.

Дата планаванага вызвалення Дар'і Лосік — 1 жніўня 2024 года.

***

Заснавальнік тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года дома ў Баранавічах. На яго завялі крымінальныя справы па некалькіх палітычных артыкулах. Пратэстуючы супраць высунутых абвінавачанняў, Ігар Лосік трымаў галадоўку.

14 снежня 2021 года Лосіку прысудзілі 15 гадоў зняволення, у чэрвені 2022 года яго этапавалі ў калонію №1 у Наваполацку.

18 кастрычніка 2022 года затрымалі ягоную жонку Дар’ю Лосік — за інтэрв'ю пра арыштаванага мужа. У студзені 2023 года ёй прысудзілі два гады калоніі.

На волі засталася дачка Лосікаў — Паўліна, якой апякуюцца бацькі палітвязняў.

Nashaniva.com