Астранаўт Уільям Андэрс загінуў у авіякатастрофе ва ўзросце 90 гадоў, кіруючы самалётам
Спадар Андэрс зрабіў у 1968 годзе самы вядомы здымак Зямлі з космасу.
08.06.2024 / 08:24
Уільям Андэрс. Фота: J.B. Spector/Museum of Science and Industry, Chicago/Getty Images
Амерыканскі астранаўт Уільям Андэрс, які абляцеў Месяц на касмічным караблі «Апалон-8» у 1968 годзе і зрабіў у космасе адну з самых вядомых фатаграфій Зямлі, загінуў ва ўзросце 90 гадоў, кіруючы лёгкаматорным самалётам, піша Бі-бі-сі.
Яго самалёт упаў у ваду на поўнач ад Сіэтла ў штаце Вашынгтон. Сын Андэрса Грэг пацвердзіў, што яго бацька кіраваў невялікім самалётам і што яго цела было знойдзена ў пятніцу днём.
«Наша сям'я спустошана. Ён быў выдатным пілотам. Нам яго будзе не хапаць», — гаворыцца ў заяве сям'і.
У 1968 годзе Андэрс быў пілотам месяцавага модуля місіі «Апалон-8» — першага касмічнага карабля з экіпажам, які дасягнуў Месяца. Ён стаў аўтарам культавай фатаграфіі «ўзыход Зямлі» — аднаго з самых знакамітых фотаздымкаў нашай планеты з космасу.
Фота: William Anders/NASA via AP, File
Здымак быў зроблены напярэдадні Калядаў. На ім Зямля над гарызонтам паверхні Месяца.
Пазней Андэрс назваў гэта фота сваім самым значным укладам у касмічную праграму.
«Мы прарабілі ўвесь гэты шлях, каб даследаваць Месяц, і самым важным, што мы адкрылі, была Зямля», — казаў ён.
Многія лічаць, што гэты вобраз матываваў глабальны экалагічны рух і паклаў аснову сусветнай акцыі «Дзень Зямлі».
Гэты чалавек стаў першым у гісторыі касманаўтам, які правёў на арбіце больш за 1000 сутак
Марына Васілеўская: З космасу бачыла Белавежскую пушчу і Палессе
Мінскі планетарый шукае метэарыт, які нядаўна ўпаў на Беларусь