Ню-мадэль Ліна Цапава раіць Камісаранку: Трэба было заступіцца перад грамадствам і сказаць: «Так, гэта мая жанчына, мы разам»
У размове з «Нашай Нівай» папулярная беларуская мадэль Ліна Цапава паразважала пра кейс Славы Камісаранкі. Нагадаем, гумарыст ажаніўся з украінкай Юліяй Шашковай і толькі пасля даведаўся, што яго дзяўчына — былая вэбкамшчыца. Так называюць тых, хто за грошы раздзяваецца на камеру ці выконвае іншыя просьбы кліента.
08.06.2024 / 12:49
«Наша Ніва»: Згадваючы кейс са Славам Камісаранкам, для якога стала праблемай, што яго дзяўчына — былая вэбкамшчыца, ці не было нейкіх незразумеласцяў у вашых стасунках праз тваю дзейнасць?
Ліна Цапава: Было пару момантаў, што Мікіту (Ліна Цапава сустракаецца з блогерам Мікітам Мелказёравым — «НН») пісалі ў прыватныя паведамленні: «Ой, а што твая дзяўчына посціць». Ці: «Ой, у яе вось такія здымкі». Ці калі быў толькі першы ці другі дзень існавання майго «Онліфанс», яму адразу напісалі: «А ты бачыў, што там у яе?».
Нашы стасункі, мне падаецца, гэта суперпадтрымлівальная гісторыя на сёння. Няма нейкіх пытанняў, асуджэння, непаразумення — у тым ліку адносна маёй дзейнасці. Калі б яно было, мне было б дзіўна і цяжка заставацца ў такіх стасунках, бо мая дзейнасць не з’явілася дзень таму. Калі мы пачыналі сустракацца, гэта ўжо існавала.
Ёсць жа гісторыі, калі хлопчыкі пачынаюць сустракацца з прыгожымі дзяўчатамі і потым кажуць: «Давай, выдаляй свой інстаграм, заканчвай камунікаваць са сваімі сябрамі, і ў пятніцу ўвечары ты нікуды не ідзеш». Мне няблізкія ніякія абмежаванні ў стасунках, толькі калі ў плане разумнага.
У сітуацыі з Камісаранкам — лепей яму б было прамаўчаць. Таму што выглядала так, нібыта ён такі бедны-няшчасны, усе яго падставілі і падманулі.
Для мяне незразумела, чаму чалавеку, якому хапіла даверу і пачуццяў да сваёй жанчыны, каб зрабіць ёй прапанову, не хапіла гэтага, каб перад грамадствам за яе заступіцца і сказаць: «Ну так, гэта яна, гэта мая жанчына, мы разам, ёсць яшчэ нейкія пытанні?» Гэта выклікала б больш павагі, чым пазіцыя маленькага хлопчыка — ахвяры абставін.