Актыўны ўдзельнік пратэстаў-2020 пайшоў ваяваць за «ДНР». Там і загінуў
57-гадовы Ігар Жук з Рэчыцкага раёна паклаў жыццё за пуцінскія імперскія амбіцыі.
08.06.2024 / 18:33
Рух за свабодныя выбары ахапіў у 2020 годзе людзей самых розных палітычных поглядаў. Некаторыя з іх урэшце апынуліся на расійска-ўкраінскай вайне, прычым ёсць выпадкі, калі людзі абіралі бок агрэсара. Лёс некаторых з іх склаўся трагічна.
Ігару Жуку з Рэчыцкага раёна зараз магло б быць 59 гадоў. У базах ёсць звесткі пра былую жонку і двух непаўналетніх дзяцей.
У мужчыны не было судзімасцяў. У савецкі час ён служыў мараком на ракетным крэйсеры «Вараг» у Ціхім акіяне. Пасля працаваў на рабочых спецыяльнасцях, у асноўным на вахтах у Расіі.
Фота з ягонай апошняй вахты, 2 чэрвеня 2022 года
У 2020-м мужчына падтрымаў рух за свабодныя выбары. Яго затрымлівалі 15 лістапада 2020 на шэсці ў памяць пра Рамана Бандарэнку.
Фота са старонкі Ігара Жука ў «Аднакласніках»
Вядома, што пасля ў Жука былі ператрусы па крымінальных справах.
Каментар Ігара Жука на старонцы ў «Аднакласніках»
У 2022 годзе ён сказаў жонцы, што «паехаў на заробкі ў Расію». Але высветлілася, што насамрэч уступіў добраахвотнікам у войска так званага ДНР. У лістападзе 2022 Ігар Жук загінуў каля Ясінаватай пад Данецкам.
Магіла Ігара Жука. Фота з «Аднакласнікаў»
Мужчыну пахавалі ў вёсцы Днеправец Рэчыцкага раёна.
А вось ягоны 53-гадовы брат Уладзімір дагэтуль ваюе за Расію на кантракце.
Уладзімір Жук. Фота з ягонай старонкі ў «Аднакласніках»
Уладзімір родам з Рэчыцы, але жыве ў Прыморскім краі Расіі і мае расійскае грамадзянства. Вядома, што ён у разводзе, працаваў таксама па розных рабочых спецыяльнасцях.
Публікацыя зробленая з дапамогай Digital Intelligence Team. Гэта OSINT-праект, які супрацоўнічае з Кіберпартызанамі і іншымі дэмакратычнымі структурамі ды праектамі, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці.