Якім будзе надвор'е гэтым летам?

Лета ў Беларусі чакаецца вельмі цёплым. Але ёсць нюансы.

08.06.2024 / 19:27

Чаго чакаць бліжэйшыя тры месяцы расказаў сіноптык Дзмітрый Рабаў.

Аналізуючы прагнастычную інфармацыю сусветных метэацэнтраў і інстытутаў, можна меркаваць, што лета ў Беларусі чакаецца вельмі цёплым. Тэмпературны фон прагназуецца на 1-2°C вышэйшым за кліматычную норму, якая складае +18°C.

Галоўнай асаблівасцю гэтага лета можна лічыць вялікую зменлівасць умоў надвор'я. Магутныя працяглыя хвалі цяпла будуць змяняцца інтэнсіўнымі зацяжнымі пахаладаннямі.

Пераход ад цяпла да холаду і наадварот будзе суправаджацца моцнымі ліўнямі, навальніцам, шкваламі, градам.

Працяглыя дажджы могуць прыводзіць да пераўвільгатнення глебы, дэфіцыту цяпла і дажджавых паводкаў. Хвалі цяпла могуць прынесці сухавеі, засуху і прыродныя пажары.

Колькасць ападкаў чакаецца каля кліматычнай нормы. На працягу лета нас чакае ў сярэднім ад 24 да 32 вільготных дзён. 

Nashaniva.com