КДБ затрымаў падлеткаў, якія рабілі выбухоўкі. Прапагандысты вінавацяць іх у падрыхтоўцы тэрактаў
10.06.2024 / 8:27
Тэлеканал АНТ паказаў сюжэт пра затрыманне нібыта дзясятка падлеткаў з Віцебска і Магілёва, якія цікавіліся вырабам выбухоўкі, узрывалі ў лесе «баначкі з-пад ёду» і здымалі выбухі на тэлефон. Прапаганда дадала ў сюжэт ІДІЛ, неанацызм, Гітлера, а таксама ўкраінцаў.
Падлетак з Віцебска, які знаходзіцца ў СІЗА. Яго вінавацяць па двух артыкулах — незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў і падрыхтоўка да акту тэрарызму.
Аўтары сюжэта гавораць пра дзясятак затрыманых падлеткаў, у сюжэце паказалі траіх — двух падлеткаў з Магілёва і аднаго з Віцебска. Паміж сабой яны не звязаныя.
Хлопцы распавядаюць, што ім падабалася глядзець на выбухі, таму яны шукалі ў інтэрнэце, як зрабіць выбухоўку. Аўтары сюжэта перабіваюць іх расповед кадрамі падпалаў, нацысцкай хронікі і нават Гітлера. Паводле інфармацыі прапагандыстаў, падлеткі нібыта дзейнічалі пад кантролем «украінскіх нацысцкіх груповак», стваралі для іх копіі тэлеграм-каналаў і перадавалі гэтыя каналы ва ўпраўленне.
«Зрабілі ўсё, каб жыццё сваё пакласці на алтар чужой страшнай інфармацыйнай вайны, у якой кожны з іх шасцёрка, пешка і разменная манета», — гавораць прапагандысты.
Аўтары сюжэта сцвярджаюць, што падлеткаў затрымалі па запыце заходніх спецслужбаў. Нібыта ў КДБ Беларусі звярнулася «адна з самых магутных заходніх спецслужбаў» і запытала дапамогу і садзейнічанне ў выяўленні ўдзельнікаў тэлеграм-каналаў, дзе распаўсюджвалася інфармацыя аб вырабе выбухоўкі.
Падлеткі з Магілёва не дасягнулі ўзросту адказнасці, а падлетак з Віцебска знаходзіцца ў СІЗА. Яго вінавацяць па двух артыкулах — незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў і падрыхтоўка да акту тэрарызму.