Хутчэй за ўсё, ультраправыя не змогуць стварыць кааліцыю ў новым складзе Еўрапарламента. Вось чаму

Партыя Мары Лё Пэн разышлася з Альтэрнатывай для Германіі. І для гэтага ёсць сур'ёзныя падставы.

10.06.2024 / 13:27

Зала пасяджэнняў Еўрапейскага парламенту. Фота: Wikimedia Commons

Выбары ў Еўрапейскі парламент паказалі рост уплыву ультраправых партый. Як піша Politico, правацэнтрысты будуць мець у ім 184 месцы з 720. Так у Германіі «Альтэрнатыва для Германіі» набрала 16,5% галасоў і заняла другое месца. А ў Францыі вынік яшчэ больш уражвае — «Нацыянальнае аб'яднанне» атрымала амаль траціна ўсіх галасоў.

Як заўважае выданне, калі б ультраправыя сфармавалі адзіную групу, яна стала б другой па велічыні сілай у парламенце пасля традыцыйна дамінуючай Еўрапейскай народнай партыі. Але саперніцтва і рознагалоссі ў шэрагах ультраправых робяць такі сцэнарый малаверагодным.

Так, за некалькі тыдняў да выбараў лідары французскага «Нацыянальнага аб'яднання» заявілі, што ў новым складзе Еўрапарламента выйдуць з кааліцыі з «Альтэрнатывай для Германіі».

«Мы больш не будзем разам з імі сядзець на пасяджэннях у рамках наступнага мандату. … «Альтэрнатыва для Германіі» перайшла чырвоную лінію. Пасля еўрапейскіх выбараў у нас з'явяцца новыя саюзнікі, і мы больш не будзем у кааліцыі з «Альтэрнатывай для Германіі», —

заявіў вядучы кандыдат ад «Нацыянальнага аб'яднання» на выбарах у Еўрапарламент Джордан Бардэла (Jordan Bardella) падчас дэбатаў на французскім тэлеканале LCI.

Сама Мары Лё Пэн, як піша Le Monde адзначыла, што «рух, які патрапіў пад кантроль найбольш радыкальнай яго часткі, больш не здаецца мне надзейным і падыходзячым саюзнікам».

Прычынай такіх гучных заяў стала выказванне кіраўніка спісу «Альтэрнатывы для Германіі» на выбарах у Еўрапарламент і еўрадэпутата Максіміляна Кра (Maximilian Krah).

У інтэрв'ю італьянскаму выданню La Repubblica, Кра сярод іншага заявіў, што нельга «аўтаматычна лічыць злачынцам» кожнага, хто служыў у СС: «Сярод 900 тысяч членам СС было шмат сялян. Зразумела, быў высокі працэнт злачынцаў, але імі былі не ўсе». Адзначым, што пасля скандалу кандыдатуру Кра знялі з выбараў.

Канфлікт паміж дзвюмя буйнымі еўрапейскімі ўльтраправымі партыямі саспяваў даўно. Яшчэ ў пачатку года нямецкі сайт расследаванняў Correctiv паведаміў аб правядзенні 25 лістапада 2023 г. у Патсдаме сакрэтнай сустрэчы кіраўніцтва «Альтэрнатывы для Германіі» з прадстаўнікамі неанацысцкага руху для абмеркавання маштабнага праекта па рэіміграцыі, які можа закрануць пяць-шэсць мільёнаў жыхароў краіны замежнага паходжання.

Пасля гэтага Лё Пэн прыгразіла разрывам і чакала яшчэ чатыры месцы, каб канчаткова дыстанцыравацца ад «Альтэрнатывы для Германіі».

Выданне нагадвае, што Максіміліян Кра, які падазраецца ў незаконным атрыманні грошай ад расійскіх і кітайскіх крыніц, цяпер з'яўляецца аб'ектам двух расследаванняў. А зусім нядаўна Б'ёрн Хёке (Björn Höcke), лідар радыкальнага крыла партыі, быў аштрафаваны за выкарыстанне ў сваёй прамове нацысцкага лозунгу. Да гэтага нямецкі суд дазволіў спецслужбам трымаць партыю, якая афіцыйна падазраецца ў экстрэмізме, пад пільным назіраннем.

Le Monde нагадвае, што сама Лё Пэн яшчэ ў снежні мінулага года прызнавалася, што сфарміраваць парламенцкую кааліцыю без удзелу «Альтэрнатывы для Германіі» будзе вельмі складана, але, як заўважае выданне, еўрапейская стратэгія выклікае найменшае хваляванне ў партыі, якая глядзіць толькі на 2027 год, калі адбудуцца прэзідэнцкія выбары ў Францыі.

Правацэнтрысцкая Еўрапейская народная партыя лідзіруе на выбарах у Еўрапарламент, але пазіцыі ўмацоўваюць ультраправыя 

Прэм'ер Баварыі заклікаў як мага хутчэй правесці выбары ў Германіі пасля правалу партыі Шольца на выбарах

Ультраправая нямецкая партыя «АдГ» упершыню выйграла рэгіянальныя выбары 

Антось Жупран