Беларусь прадставіла верталёт — «забойцу» марскіх дронаў, яго збіраюцца прадаваць Расіі

Навінку прывезлі на выставу ў Маскву.

10.06.2024 / 14:23

Фота: Wikimedia Commons

Беларускае КБ «Беспілотныя верталёты» на выставе HeliRussia-2024 у Маскве прадставіла разведвальна-ўдарны беспілотнік Hunter.

Верталёт атрымаў цалкам новую механіку і электроніку, у тым ліку новы софт, заточаны на пошук і знішчэнне надводных марскіх дронаў, распавёў галоўны канструктар КБ Уладзімір Чудакоў.

БПЛА прызначаны для пошуку і знішчэння браняванай тэхнікі, жывой сілы праціўніка, а таксама малахуткасных паветраных цэляў, у тым ліку надводных марскіх дронаў, піша Sputnik.

Максімальная ўзлётная маса верталёта комплексу Hunter складае 750 кілаграмаў, карысная нагрузка — 200 кілаграмаў. БПЛА можа ляцець 6 гадзін на крэйсерскай хуткасці, далёкасць палёту — 150 кіламетраў.

Комплекс Hunter складаецца з двух беспілотных верталётаў, наземнай станцыі кіравання, станцыі наземнага забеспячэння палётаў і двух транспартных платформаў. Узбраенне БПЛА-турэль калібра 7,62 мм, 2 пускавыя ўстаноўкі пад 8 некіравальных ракет, а таксама 16 процітанкавых авіябомбаў.

Па словах Чудакова, беспілотныя верталёты кампаніі за 27 гадоў працы пастаўляліся ў 20 краін, у тым ліку дзяржавам Персідскага залівам і Афрыкі, цікавілася імі і Расія.

У расійскай арміі раней заяўлялі, што комплекс Hunter паступіць на ўзбраенне ўжо праз паўгода, яго будуць ужываць у вайне супраць Украіны.

Nashaniva.com