Беларускі таксіст у Варшаве ўрэзаўся ў групу пешаходаў

У варшаўскім раёне Макотаў адбылося сур'ёзнае ДТЗ, справакаванае, як сцвярджаецца, таксістам з Беларусі. Кіроўца Uber не саступіў дарогу аўтамабілю маркі BMW, паведамляе Most.

10.06.2024 / 17:18

Скрыншот з відэа Miejski Reporter

Адбылося сутыкненне, у выніку якога BMW перакулілася, вылецела з дарогі і ўрэзалася ў групу пешаходаў. Раненні атрымалі шэсць чалавек, уключаючы кіроўцу BMW.

Як піша Gazeta Wyborcza, інцыдэнт адбыўся незадоўга да 15.00 у нядзелю, 9 чэрвеня. Таксіст Uber на аўтамабілі Toyota ехаў па вуліцы Пулаўскай, ён вёз пасажыра. На адным са скрыжаванняў пры павароце налева ён не прапусціў BMW, якая, па папярэдніх звестках, ехала з хуткасцю, што перавышае дапушчальную.

У выніку машыны сутыкнуліся. Ад удару BMW страціла кіраванне, вылецела з дарогі, знесла прыдарожны слуп і сметнік і ўрэзалася ў групу пешаходаў, якія пераходзілі вуліцу па пешаходным пераходзе. Пяцярых пешаходаў шпіталізавалі, у тым ліку дваіх — у цяжкім стане.

Кіроўца Toyota не пацярпеў, яго затрымалі і дапыталі, аднак абвінавачванні яму не прад'явілі. Паводле паведамлення рэсурсу Miejski Reporter, за рулём таксі быў грамадзянін Беларусі. Вадзіцеляў праверылі на алкаголь — абодва аказаліся цвярозымі. Абставіны справы высвятляе паліцыя Варшавы.

Беларускі дальнабойнік трапіў у смяротнае ДТЗ у Польшчы

Вынеслі прысуд беларусу, які год таму насмерць збіў раварыстку ў Познані

«Сцягном разбіла лабавое шкло і з боку кіроўцы ўпала на брук». Журналістка «Белсата» расказала, як трапіла ў страшную аварыю

Nashaniva.com