У Мінск едуць школьнікі з акупаванага Мелітопаля — іх навучаць збіраць аўтамат і страляць з кулямёта

Акрамя таго, плануецца падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі.

10.06.2024 / 18:13

Фота: «РИА-Мелитополь»

У склад дэлегацыі з акупаванага Расіяй украінскага Мелітопаля ў Запарожскай вобласці ўвойдуць 32 студэнты і школьнікі. Яны прыедуць у беларускую сталіцу 10 чэрвеня.

Дзяцей і падлеткаў прывязуць у Мінск у рамках расійскай праграмы «На абароне рубяжоў сваёй Айчыны», якую рэалізуюць расійскія фонды, пішуць «Мінск-Навіны».

Дэлегацыя наведае стэлу «Мінск — горад-герой» і музей ВАВ, мемарыяльны комплекс «Хатынь», Нацыянальную бібліятэку Беларусі, сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў і ўстаноў Беларусі.

Акрамя таго, у сярэдняй школе №101 адбудзецца падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі. Таксама сярод мерапрыемстваў, якія прапануюць гасцям з Мелітопаля, акцыя «Памяць аб'ядноўвае народы», майстар-клас па вырабе паштовак «З Беларусі з любоўю», майстар-клас «Смачна есці» з дэгустацыяй страў нацыянальнай беларускай кухні.

Акрамя таго, дзяцей чакаюць майстар-клас «Быць вайскоўцам — гэта ганарова!» па адпрацоўцы навыкаў зборкі, разборкі аўтамата Калашнікава, стральбы з яго, страйкбольнай зброі па мішэнях, а таксама пісталета Макарава з выкарыстаннем інтэрактыўнага ціра.

Дэлегацыя прабудзе ў Мінску да 13 чэрвеня.

«Родной во сто крат российский солдат». У нядзельнай школе ў Гродне дзеці пішуць лісты расійскім вайскоўцам

У Беларусь прывезлі яшчэ 35 украінскіх дзяцей

У Наваполацку людзей змушаюць прыносіць вопратку для дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторый Украіны

Nashaniva.com