У Бабруйску пад коламі аўто загінуў аўтарытэтны доктар-анколаг

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў панядзелак на вуліцы Коўзана. 

11.06.2024 / 14:52

«38-гадовы кіроўца Opel, рухаючыся па жылой зоне, наехаў на 52-гадовага мужчыну, які ішоў па абочыне ў спадарожным кірунку. У выніку ДТЗ пешаход ад атрыманых траўмаў памёр. Кіроўца з месца здарэння ўцёк, аднак быў хутка затрыманы», — паведамлялася ў міліцэйскай зводцы.

komkur.info

Вельмі хутка высветлілася, што пад колы аўто трапіў вядомы мясцовы доктар Сяргей Нікіцін, піша komkur.info.

Сяргей Генадзевіч працаваў доктарам-рэнтгенолагам (в.а. загадчыка) аддзялення прамянёвай дыягностыкі ў Бабруйскім міжраённым анкалагічным дыспансеры (БМАД). Таксама працаваў у медыцынскім цэнтры «Тары». 

Карыстальнікі сацсетак выказваюць словы смутку і спачуванні.

«Загінуў добры чалавек, выдатны доктар і загадчык аддзялення прамянёвай дыягностыкі ў «БМАД». Зямля вам пухам, паважаны Сяргей Генадзевіч, і царства нябеснае! Ад усяго калектыву самыя глыбокія спачуванні родным і блізкім загінулага. …гэта жудасная страта для ўсяго горада».

«Гэта жудасна, гэта быў найлепшы доктар-анколаг у Бабруйску. Хай зямля будзе пухам».

«Вельмі сумна для ўсяго горада, страціць такога чалавека, доктара-спецыяліста. Спачуванне сям'і».

«Самыя глыбокія спачуванні родным і блізкім. Зямля вам пухам дарагі Сяргей Генадзевіч. Вы былі адным з найлепшых. Вялікія надзеі, што вінаваты будзе пакараны па ўсёй строгасці закона».

Nashaniva.com