Кірыл Руды знайшоў сабе новую працу ў Дубаі, але зусім не па статусе

Аб тым, што былы дарадца Лукашэнкі Кірыл Руды ў актыўным пошуку працы, можна было зразумець па яскрава-зялёным надпісе «#opentowork» («адкрыты да работы»), якім ён абраміў сваё фота ў прафесійнай сацыяльнай сетцы Linkedin — усё, каб прыцягнуць увагу працадаўцаў. Выглядае, што працу Руды нарэшце знайшоў, але не зусім тую, якой можна было б ганарыцца з ягоным рэзюмэ.

16.06.2024 / 21:54

«Мы рады прадставіць вам нашага новага дарадцу, доктара Кірыла Рудага. Доктар Руды валодае багатым вопытам работы ў якасці дарадцы Аляксандра Лукашэнкі і пасла Беларусі ў Кітаі», — такі допіс з'явіўся ў сацыяльных сетках эмірацкай кампаніі EurAsiaGulf. 

Кампанія, мякка кажучы, не карыстаецца вядомасцю і не мае рэпутацыі сур'ёзнай арганізацыі. Сэнс яе дзейнасці ў тым, каб праз супольныя мерапрыемствы знаёміць паміж сабой прадстаўнікоў бізнэсу постсавецкіх і арабскіх краін, якія шукаюць або грошы, або добрыя месцы і праекты для ўкладання інвестыцый. 

Салідныя арганізацыі і дарослыя бізнэсмены рэдка прыбягаюць да дапамогі такіх пасярэднікаў, таму што могуць арганізаваць сабе кантакты з патэнцыйнымі партнёрамі наўпрост.

Таму кампанія арыентуецца на мэтавую аўдыторыю прасцейшую і за гуманныя 40-50 еўра прапануе кліентам абеды з пасламі постсавецкіх і балканскіх краін, падчас якіх тыя паказваюць прэзентацыі пра бізнэс-магчымасці ў сваіх юрысдыкцыях. 

Няясна, наколькі ўвогуле паспяхова ідуць справы ў новай арганізацыі Рудага — сацсеткі кампаніі складаюцца з ботаў, а ў спісе праведзеных мерапрыемстваў не заўважана значных бізнэс-фігур.

Кірыл Руды

Руды, які стаў дарадцам па тэхналогіях і інавацыях, — самая буйная фігура сярод супрацоўнікаў EurAsiaGulf. Новыя калегі былога дарадцы Лукашэнкі — дыпламаты трэцяга эшалону і дробныя бізнэсмены.

Таксама невядома, ці давядзецца Рудаму для работы ляцець непасрэдна ў спякотныя Эміраты, або ён зможа выконваць кансалтынгавую працу дыстанцыйна.

Стала вядома, дзе цяпер працуе Сяргей Румас

Што кажуць эканамісты і бізнэсмены пра Аляксандра Ягорава, новага топ-менеджара Лукашэнкі

Эканаміст Дзмітрый Крук пайшоў дэканам у ЕГУ

Nashaniva.com