Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы пракаментаваў прысуд літоўцы за шпіянаж
Пасля таго, як у 11 чэрвеня Мінскі гарадскі суд прызнаў Алену Раманаўскене, грамадзянку Літвы, супрацоўніцу санаторыя «Беларусь» у літоўскіх Друскеніках, вінаватай у шпіянажы, у Дэпартаменце дзяржаўнай бяспекі Літвы заявілі, што гэта «беспадстаўныя інсінуацыі».
12.06.2024 / 08:52
Алена Раманаўскене
«Адна з галоўных апор беларускага рэжыму — КДБ — выставіў абсурдныя абвінавачанні ў тым, што яна, пражываючы ў Літве, нанесла шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі», — гаворыцца ў каментары для СМІ, піша lrt.lt.
Мінскі гарадскі суд прызнаў Алену Раманаўскене вінаватай у шпіянажы і прыгаварыў яе да шасці гадоў пазбаўлення волі.
«Абвінавачанні, прадʼяўленыя Раманаўскене, не адпавядаюць рэчаіснасці, — даводзіць ДДБ. — Раманаўскене не ажыццяўляла ніякай дзейнасці, якая магла б нейкім чынам нашкодзіць Беларусі, таму гэтыя абвінавачанні зʼяўляюцца беспадстаўнымі інсінуацыямі».
Як паведаміў тэлеканал АНТ, супрацоўніца санаторыя «Беларусь» у Друскінінкай Раманаўскене прызнана вінаватай у агентурнай дзейнасці. Суд быў закрыты. 59-гадовую жанчыну абвінавацілі ў неаднаразовай перадачы інфармацыі аб гасцях, у тым ліку аб высокапастаўленых службовых асобах Беларусі. Сцвярджаецца, што яна была завербаваная літоўскімі спецслужбамі больш за 10 гадоў таму.
У МЗС Літвы BNS указалі, што ведаюць пра сітуацыю, але падкрэсліваюць, што ў іх няма падстаў верыць у абгрунтаванасць абвінавачанняў.
У міністэрстве таксама нагадваюць аб рэкамендацыі не ездзіць у Беларусь, падкрэсліваючы, што грамадзян Літвы могуць незаконна затрымліваць, прадʼяўляць ім сфабрыкаваныя абвінавачанні і дапытваць у беларускіх структурах бяспекі.
Раманаўскене магла быць затрымана беларускімі сілавікамі яшчэ летась, калі яна вярталася ў Літву з Беларусі, дзе наведвала членаў сваёй сямʼі.
Улетку мінулага гады беларускія СМІ таксама паведамілі, што былога галоўнага доктара санаторыя «Беларусь» Андрэя Кобеля будуць судзіць за шпіянаж у карысць Літвы. Ён быў затрыманы беларускім КДБ у канцы 2022 года. Цяпер АНТ паведаміў, што ён быў прысуджаны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі. Па інфармацыі канала, ён ужо адбывае пакаранне.
Затрыманая літоўская «шпіёнка» аказалася супрацоўніцай санаторыя «Беларусь»
Былога галоўнага лекара беларускіх санаторыяў у Друскеніках і Сочы будуць судзіць за «шпіянаж»
За шпіянаж арыштавалі грамадзянку Літвы Алену Раманаўскене