Зяленскі ў Германіі агледзеў батарэю Patriot, якую перададуць Украіне

Зяленскі падзякаваў канцлеру Олафу Шольцу, Германіі і ўсяму нямецкаму народу за новы абаронны пакет

12.06.2024 / 09:45

Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

Падчас рабочага візіту ў Германію прэзідэнт Уладзімір Зяленскі разам з федэральным міністрам абароны ФРГ Борысам Пісторыусам наведалі 21-ю зенітна-ракетную групу ў горадзе Заніц, на базе якой трэніруюцца ўкраінскія абаронцы для працы на ЗРК Patriot, піша «Украінская праўда».

Зяленскі падзякаваў канцлеру Олафу Шольцу, Германіі і ўсяму нямецкаму народу за новы абаронны пакет на агульную суму больш за 700 млн еўра. 

Ён адзначыў і перадачу Германіяй яшчэ адной сістэмы Patriot, і якасныя нямецкія сістэмы IRIS-T.

«Вельмі важны аспект, што вы скарацілі час па вытворчасці і трэніроўкі на гэтых сістэмах. Бо сёння гэты час вымяраецца жыццямі нашых людзей. І тое, што вы скарацілі дні, часам тыдні, мы будзем памятаць дзесяцігоддзямі», — падкрэсліў ён.

Пісторыус абвясціў, што ў новы пакет увайшлі разведвальныя і ўдарныя дроны, стралковая і снайперская зброя, РПГ, а таксама 100 дадатковых ракет да сістэм Patriot, якія Нямеччына перадасць разам з Даніяй, Нарвегіяй і Нідэрландамі.

Nashaniva.com