Чатырох малалетніх дзяцей забралі ў бацькоў у Іванаве, бо тыя прайгравалі ў анлайн-казіно

Бацькі чатырох малалетніх дзяцей з Іванава Брэсцкай вобласці на працягу як мінімум двух апошніх гадоў прайгравалі грошы ў анлайн-дадатках, у выніку чаго на жыццё сродкаў не заставалася.

12.06.2024 / 10:18

Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура змясціла дзяцей у сацыяльны прытулак, а бацькоў абмежавала ў наведванні гульнявых устаноў, у тым ліку віртуальных.

Бацькі дзяцей прайгравалі літаральна ўсе грошы ў анлайн-гульнях. Акрамя таго, яны ўзялі пяць крэдытаў у розных банках на суму больш за 30 тысяч рублёў, якія таксама прайгралі.

Паведамляецца, што яны зрабілі 12 тысяч гульнявых аперацый з рознымі сумамі ставак ад 40 капеек да 200 рублёў.

У выніку дзяцей забралі з сям'і і змясцілі пад дзяржаўную абарону — у сацыяльны прытулак. Суд Іванаўскага раёна абмежаваў мужа і жонку ў наведванні ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях на тры гады.

Таксама іх уключылі ў пералік асоб, якіх забаронена дапускаць у ігральныя ўстановы, у тым ліку віртуальныя, а таксама да ўдзелу ў азартных гульнях.

Nashaniva.com